BE RU EN

З Новага года кошты на тавары вырастуць мінімум на 30-40%?

  • 28.10.2008, 12:08

Калі ўрад не пойдзе насустрач індывідуальным прадпрымальнікам, то атрымае парадку 200 тысяч беспрацоўных і кошты на прамысловыя і харчовыя тавары, што вырастуць на 30-40 адсоткаў.

Як сказаў "Беларускаму партызану" лідэр кампаніі "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў, ужо зараз кошты на большасць тавараў з-за глабальнага фінансавага крызісу растуць як на дражджах:

- Большасць прамысловых тавараў, якія з'яўляюцца на беларускіх рэчавых рынках, закупляецца на Чаркізаўсім рынку ў Маскве, а там за апошні месяц кошты на аптовыя партыі тавараў выраслі на 20-30 адсоткаў. Курс расейскага рубля падае. У нас ён раней каштаваў 90 беларускіх рублёў. Зараз 75-76. На большасці рынкаў краіны ізноў з'явіліся валютчыкі, да якіх трэба «запісвацца» ледзь не за тыдзень, калі жадаеш набыць па нармальным кошце некалькі тысяч даляраў. Калі год таму прасценькі пухавічок каштаваў у нас 100 тысяч рублёў, то зараз ён цягне 180-200 тысяч рублёў. У краме такі пухавічок каштуе ад 280 да 380 тысяч рублёў. З Новага года індывідуальныя прадпрымальнікі ліквідуюцца як клас. Як вы думаеце, ці знізяцца ў гэтай сувязі кошты на тавары ў крамах?

А паміж тым, па нашых падліках, на рынках - рэчавых і харчовых - у той або іншай ступені атаварваецца 70-80 адсоткаў беларусаў. Імкненне ўрада зразумелае. Яно непрыкрыта лабіруе ўладальнікаў супермаркетаў, іншых буйных і сярэдніх крам. Але што ў выніку атрымае беларускае грамадства? Вялікія кошты і сацыяльную напружанасць. 120 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў і іх сем’і спыняць сваю дзейнасць, калі ўрад не пойдзе на прыняцце нашага варыянту Закона аб малым і сярэднім бізнэсе. А па нашай інфармацыі, урад аб гэтым нават не думае і ўжо праз мясцовую «вертыкаль» спрабуе нейкім чынам супакоіць будучых беспрацоўных іпэшнікаў. Цікава, якім чынам ён будзе сцішваць з Новага года мільёны спажыўцоў, пазбаўленых права выбару пры набыцці таго ці іншага тавара?

Апошнія навіны