BE RU EN

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся ў Вільні з дэпутатамі Эўрапарлямэнту

  • 29.10.2008, 11:39

28 кастрычніка ў Вільні прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, якія ўваходзяць у групу па працы зь Беларусьсю.

У распарадку эўрапейскіх парлямэнтароў гэтая падзея значыцца як выязное паседжаньне групы. Ягоная адметнасьць у тым, што два тыдні таму сябры групы зьбіраліся прыехаць у Менск. Аднак не змаглі атрымаць уязныя беларускія візы, нагадвае “Радыё Свабода”.

Эўрапейскую дэлегацыю ў Вільні ачольвае кіраўнік групы — дэпутат з Польшчы Яцэк Пратасевіч. Пра высокі статус эўрапарлямэнтароў сьведчыць тое, што іх прымае прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус. А сустрэчы зь беларускай апазыцыяй папярэднічалі кансультацыі з дэпутатамі літоўскага Сойму і наведваньне Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Беларусь на перамовах прадстаўлялі Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, Жана Літвіна, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Навасяд, Аляксей Янукевіч. У дыскусіі ўдзельнічаў і Юры Бандажэўскі.

Яцэк Пратасевіч — мадэратар дыскусіі, — падводзячы яе вынікі, сказаў, што беларуская апазыцыя слушна ставіць цяпер галоўнай праблемай зьмену выбарчага заканадаўства. Яму асабліва падабаецца ідэя збору подпісаў сярод грамадзянаў Беларусі аб зьменах у Выбарчым кодэксе. Як адзначыў спадар Пратасевіч, “надзвычай важна, каб улады пачулі голас ня толькі палітыкаў, але і шараговых грамадзянаў Беларусі”.

Яцэк Пратасевіч паведаміў, што пра вынікі сёньняшняй сустрэчы ён апэратыўна праінфармуе кіраўніцтва Эўрапарлямэнту і Эўразьвязу. Асобная размова адбудзецца са спадарыняй Хельгай Шміт, галоўнай прадстаўніцай Эўразьвязу на перамовах зь Беларусьсю. Паводле Яцэка Пратасевіча, спадарыня Шміт зьбіраецца бліжэйшым часам наведаць Менск.

9 кастрычніка Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Пасьля гэтага рада Эўразьвязу прыпыніла на паўгода візавыя санкцыі адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. У сярэдзіне кастрычніка старшыня Эўрапарлямэнту і кіраўнікі фракцый заклікалі беларускія ўлады “зьняць забарону на ўезд у Беларусь палітыкаў з краін Эўразьвязу”.

Апошнія навіны