BE RU EN

ДАІ хоча падвысіць тарыфы на навучанне ў аўташколах

  • 29.10.2008, 14:06

Падвышэнне тарыфаў на навучанне ў аўташколах краіны мэтазгодна і неабходна. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелТА выказаў Васіль Бульбянкоў, які часова займае пасаду начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі.

Паводле яго словаў, сёння не ва ўсіх аўташколах падрыхтоўка кіроўцаў адказвае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да якасці. Па наяўнай статыстыцы каля 70% навучэнцаў не здаюць з першага разу на правы, што сведчыць аб недастатковых ведах і практычных навыках.

Галоўная прычына, на думку Васіля Бульбянкова, крыецца ў падборы кадраў майстроў навучання.

«Гэта павінныя быць прафесіяналы сваёй справы, а не выпадковыя людзі. Таму іх працу адпаведным чынам неабходна аплачваць. Падвышэнне тарыфаў і, вядома жа, зарплаты дазволіць прыцягнуць у аўташколы спецыялістаў, якія будуць добрасумленна, па-сапраўднаму рабіць сваю працу і думаць аб яе канчатковых выніках», — адзначыў ён.

«У сваю чаргу з боку Мінтранса павінен быць забяспечаны належны попыт і кантроль. У той жа час падвышэнне тарыфаў дазволіць вылучыць дадатковыя сродкі на абнаўленне аўтапарка навучальнай тэхнікі, удасканаленне навучальна-матэрыяльнай базы, што таксама станоўча адаб'ецца на якасці падрыхтоўкі», - сказаў Васіль Бульбянкоў.

Падвышэнне тарыфаў будзе разглядацца з улікам становішча і арыентыровачна можа скласці ў межах 10-15%. Васіль Бульбянкоў падкрэсліў, што такое рашэнне будзе спрыяць як падвышэнню ўзроўня прафесійнай падрыхтоўкі будучых кіроўцаў, так і забеспячэнню бяспекі на дарогах, захаванню жыцця і здароўя ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Паводле яго словаў, аб гэтым прымушае задумацца і статыстыка траўматызму на дарогах. Штодня ў ДТЗ 4-5 чалавек гінуць, каля 20 атрымліваюць раненні рознай ступені, 15% з якіх становяцца інвалідамі.

Як ужо паведамлялася, у цяперашнім годзе Мінтранс не будзе ініцыяваць падвышэнні кошту навучання ў аўташколах. Што датычыць 2009 года, усё будзе залежаць ад таго, як складзецца сітуацыя з коштамі на паліва, расходныя матэрыялы. У цяперашні час рэнтабельнасць паслугаў па падрыхтоўцы кіроўцаў невысокая і нават у самых лепшых аўташколах не перавышае 5%.

Апошнія навіны