Акторы Купалаўскага тэатра пагаварылі з Янчэўскім аб «творчых праблемах»
- 3.10.2008, 8:41
2 кастрычніка ў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі адбылася сустрэча галоўнага ідэолага краіны Усевалада Янчэўскага з Аляксандрам Маўчанавым і Ганнай Хітрык – удзельнікамі трупы Купалаўскага тэатра. Акторка Святлана Зелянкоўская аўдыенцыю праігнаравала.
Са словаў Ганны Хітрык, асноўнае, што цікавіла кіраўніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта – па якіх прычынах згаданыя вышэй акторы сталі працаваць у тэатры на палову стаўкі.
“Я сказала, што з нашымі заробкамі жыць «цудоўна», але ёсць і творчыя праблемы. Ёсць спектаклі ў рэпертуары тэатра, якія проста не могуць ісці ў рэпертуары нацыянальнага акадэмічнага тэатра. А праз тое, што яны ідуць, мы робім нашага гледача больш грубым, злым і тупым”, - сказала акторка ў інтэрв'ю «Еўрарадыё».
Актораў не задавальняе, што адміністрацыя тэатра здымае з праграмы спектаклі без тлумачэння прычынаў. Гэта і шэраг іншых пытанняў трупа неаднаразова ставіла перад кіраўніцтвам тэатра. Яны былі закранутыя і падчас сустрэчы з Усеваладам Янчэўскім.
“Вы ведаеце, ён сказаў, што ўсё зразумеў і прыняў, і каб мы не думалі, што нас не пачулі. Ён меў рацыю ў тым, што гэтая справа больш датычыць Міністэрства культуры і дзіўна, што гэтымі праблемамі прыйшлося займацца яму. Але ён паспрабуе разабрацца і дапамагчы”, - дадала Ганна Хітрык.
Такім чынам, акторы пачулі яшчэ некалькі абяцанняў, накіраваных на тое, каб супакоіць іх хаця б на пэўны час. Але наконт таго, якім будзе вынік умяшання Адміністрацыі прэзідэнта ў тэатральнае жыццё краіны, пакуль што можна толькі будаваць гіпотэзы.