Акцыі беларускіх прадпрыемстваў прадаюцца невядомым пакупнікам
- 3.10.2008, 12:10
Беларуская валютна- фондавая біржа (БВФБ) зарэгістравала здзелкі па набыцці кампаніяй Harvest Invest Group акцыяў беларускіх прадпрыемстваў.
Набытыя 30,8% акцыяў ААТ "Берасцейскі завод бытавой хіміі" і 49,26% акцыяў ААТ "Берасцейская трыкатажная фірма "Элма", сказана ў афіцыйным паведамленні БВФБ.
Harvest Invest Group набыла 16987 акцыяў Берасцейскага завода бытавой хіміі (30,8% статутнага фонду) за Br1977,6 млн. Акцыі прададзеныя па намінале - Br116240 за 1 акцыю.
Акцыі "Элмы" Harvest Invest Group набыла таксама па намінале - па Br13194 за 1 акцыю. БВФБ зарэгістравала здзелку па куплі- продажы 140 тыс. акцыяў за Br1847,16 млн. З улікам гэтай здзелкі Harvest Invest Group належыць 231760 акцыяў АТ, што адпавядае 49,26% статутнага фонду.
Берасцейскі завод бытавой хіміі з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў парфумерыі і бытавой хіміі ў СНД. Прадпрыемства заснаванае ў 1970 годзе.
"Берасцейская трыкатажная фірма "Элма" створаная ў 1940 годзе і зараз з'яўляецца адным з найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.
Як паведамляе «Интерфакс», у дэпартаменце па каштоўных паперах Мінфіна не змаглі даць звесткі аб кампаніі Harvest Invest Group і яе дзейнасці ў Беларусі.
У кіраўніцтве фірмы "Элма" адмовіліся каментаваць здзелку па продажы акцыяў.
Паводле звестак АФН, Harvest Investment Group створаная ў 2002 годзе і з'яўляецца амерыканскай інвестыцыйнай кампаніяй, якая спецыялізуецца на брокерскай і дылерскай дзейнасці і аперацыях з нерухомасцю са штаб-кватэрай у Атланце (ЗША). Паводле звестак рэсурсу progressivechurchatl.org, Harvest Investment Group з'яўляецца знешняй арганізацыяй Прагрэсіўнай царквы ў Атланце і ў асноўным складаецца з чальцоў гэтай рэлігійнай арганізацыі.