BE RU EN

У Курапатах адбылася акцыя памінання ахвяр сталінізму

  • 30.10.2008, 8:55

У Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі, які адзначаецца грамадскасцю 29 кастрычніка, у Курапатах адбылося традыцыйнае памінанне ахвяр сталінізму.

У акцыі прынялі ўдзел каля 30 чалавек — моладзевыя актывісты і прадпрымальнікі, былыя вязні ГУЛАГа і сябры секцыі "Мемарыял" Беларускай добраахвотнай супольнасці аховы помнікаў гісторыі і культуры, а таксама часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур. Яны ўсклалі кветкі да мемарыяльных знакаў, у тым ліку да Крыжа пакут, запалілі лампады, ушанавалі хвілінай маўчання памяць бязвінна загубленых людзей. На месцы гібелі 52 жыхароў Заходняй Беларусі, расстраляных пасля 17 верасня 1939 года, была адкрытая мемарыяльная таблічка.

Старшыня секцыі "Мемарыял" Вячаслаў Сіўчык паведаміў, што прадстаўнікі грамадскасці таксама ўшанавалі памяць ахвяр сталінізму на Кальварыйскіх могілках, у Лошыцы, Трасцянцы, парку імя Чалюскінцаў, наведалі магілу народнага паэта Беларусі Янкі Купалы на Вайсковых могілках.

Ён выказаў шкадаванне з нагоды таго, што памяць рэпрэсаваных ушанаваная ў сталіцы мемарыяльнымі знакамі толькі ў трох з 15 месцаў масавага знішчэння грамадзян у 1920—1930-я гады. "Я веру, што прыйдзе час, калі дата 29 кастрычніка ўвойдзе ў нацыянальны каляндар, а кіраўніцтва краіны ад "Валадаркі" (турма па вуліцы Валадарскага. — БелаПАН.) і "Амерыканкі" (унутраная турма КДБ. — БелаПАН.) будзе здзяйсняць "хросны шлях" па ўсіх месцах знішчэння сваіх суграмадзян", — сказаў праваабаронца.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі нагадаў, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года супрацоўнікі НКВД знішчылі ў Менску каля 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 36 пісьменнікаў і журналістаў. Чым часцей людзі будуць прыходзіць на святыя для кожнага беларуса месцы, тым вышэй гарантыя таго, што падобнае ніколі не паўторыцца, лічыць палітык.

Варта адзначыць, што напярэдадні невядомыя знішчылі ў Курапатах сем крыжоў.

Апошнія навіны