МЗС Чэхіі: Каб патрапіць на саміт ЕЗ улады Беларусі павінныя стаць на шлях дэмакратычнага развіцця
- 30.10.2008, 9:25
Міністэрства замежных спраў Чэхіі назвала ўмовы, пры якіх беларускія ўлады могуць быць запрошаныя на саміт Еўразвяза.
«Магчыма, падчас старшынства Чэхіі ў Еўразвязе будзе праведзены саміт з удзелам краін - усходніх партнёраў Еўразвяза - Украіны, Малдавіі, Азербайджана, Арменіі і Грузіі. Мы яшчэ не ўпэўненыя, ці будзе на ім прадстаўленая і Беларусь», - заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС Чэхіі Зузана Апляталава.
Канчатковае рашэнне аб удзельніках і даце правядзення саміту будзе прынятае на сустрэчы еўрапарламентарыяў у снежні.
Пры гэтым, беларуская апазіцыя ўжо атрымала запрашэнне прыняць у саміце ўдзел, а ў Аляксандра Лукашэнкі ёсць яшчэ час да снежня правесці дэмакратычныя рэформы, перадае «Нямецкая хваля».
"Мы б хацелі бачыць Беларусь там, але да гэтага краіна павінная выканаць шэраг умоваў - далучыцца да праграмы Ўсходняга партнёрства і, вядома ж, стаць на шлях дэмакратычнага развіцця", - сказала Зузана Апляталава
Старшынства Чэхіі ў ЕЗ пачнецца 1 студзеня 2009 года.