BE RU EN

У Беларусі чакаюць з візітам прэзідэнта Нікарагуа Артэгу

  • 30.10.2008, 14:35

Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб пашырэнні кола «сяброў» Беларусі сярод дзяржаваў Лацінскай Амерыкі, заяўляючы, у прыватнасці, аб вялікім патэнцыяле супрацоўніцтва з Нікарагуа.

"З пункта погляду гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва нам вельмі важна мець пункт апоры ў гэтай частцы Амерыкі, каб не толькі супрацоўнічаць з вамі, але і з суседнім рэгіёнам", - адзначыў А.Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з міністрам замежных справаў Нікарагуа Самуэлем Сантасам Лопэсам.

Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, Беларусь "разгортвае новую старонку ў гісторыі развіцця адносінаў не толькі з Нікарагуа, але і з Амерыкай у той частцы, дзе вы знаходзіцеся". "Я ніколькі не сумняваюся ў развіцці сяброўскіх адносінаў з Нікарагуа. Гэта будзе сур'ёзная падтрымка Беларусі ў гэтым рэгіёне, у міжнародных арганізацыях", - сказаў А.Лукашэнка.

Паводле яго словаў, "у нас з'явілася шмат сяброў у Амерыцы, і не толькі ў Лацінскай Амерыцы". "Шмат аб вашай краіне мне распавядаў наш сябар - прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс", - адзначыў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым А.Лукашэнка не выключыў рэалізацыі "сумесных праектаў з удзелам Беларусі, Венесуэлы, Кубы, Нікарагуа".

А.Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі чакаюць з візітам прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгу. "Думаю, у нас таксама на самім высокім узроўні атрымаецца наведаць вашую краіну, каб вызначыць некалькі асноўных накірункаў супрацоўніцтва", - заявіў прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу кіраўнік нікарагуанскага МЗС сказаў, што ў яго краіне "з задавальненнем гатовыя прыняць прэзідэнта Беларусі з візітам". С.Лопэс таксама выказаў надзею, што ў наступным годзе можа адбыцца візіт у Менск прэзідэнта Нікарагуа Д.Артэгі.

Кіраўнік МЗС Нікарагуа таксама звярнуў увагу на неабходнасць цеснага супрацоўніцтва з Беларуссю дзеля вырашэння шэрагу міжнародных праблемаў. У прыватнасці, С.Лопэс лічыць неабходным "мадэрнізаваць ААН, каб гэтая сусветная арганізацыя адпавядала запатрабаванням чалавецтва, якое ўсё часцей аказваецца ў небяспечных сітуацыях".

Апошнія навіны