BE RU EN

Пад бокам КДБ працуюць расейскія нацыянал-бальшавікі?

  • 30.10.2008, 14:56

Вядомыя пінскія апазіцыянеры атрымалі праз дзяржаўную пошту дзіўныя лісты. У капэртах без зваротнага адрасу знаходзіўся каляровы калаж з надпісам «Вашая карта бітая».

Цікава, што гэтыя лісты дашлі да тых актывістаў, якія знаходзяцца ў асаблівых спісах пінскіх спецслужбаў. Менавіта гэтых людзей падчас значных палітычных падзеяў у краіне выклікаюць у міліцыю і саджаюць на суткі нібыта за «брыдкаслоўе». Застаецца загадкай, якім чынам чальцы незарэгістраванай арганізацыі даведаліся прыватныя адрасы апазіцыянераў, перадае «Еўрарадыё».

«Сёння зраніцы ўбачыў у паштовай скрыні ліст. Паглядзеў - дзіцячым почыркам падпісаны, без зваротнага адрасу. Адчыніў - там картка: «Вашая карта бітая». Стала смешна і шкада тых людзей. Чаму яны хаваюцца за дзяцей, самі сябе баяцца?» - задаецца пытаннем праваабаронца Віктар Ярашук.

Гісторыя радыкальнага левага руху ў Пінску пачынаецца прыкладна з 2001 года, калі адзін з мясцовых чальцоў Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі (ЛКСМБ) выйшаў з шэрагаў гэтай арганізацыі і пачаў ствараць аддзел расейскай арганізацыі «чырвонай» моладзі (АЧМ). Прадстаўнікі пінскай АЧМ удзельнічалі ва ўсіх апошніх першамайскіх дэманстрацыях, якія праводзіла мясцовая улада.

АЧМ таксама вылучае свайго кандыдата на ўсіх мясцовых выбарах. Падчас агульнанацыянальных выбараў яны вядуць актыўную агітацыйную працу (праводзяць несанкцыянаваныя пікеты, распаўсюджваюць улёткі і плакаты). Часам ажыццяўляюць напады на актывістаў нацыянальнай апазіцыі, часцей за ўсё на зборшчыкаў подпісаў. Дарэчы, яйка, кінутае ў твар Аляксандра Мілінкевіча падчас яго апошняга візіту ў Пінск, - таксама справа рук левых радыкалаў.

Спецслужбы не рэагуюць на актыўныя дзеянні незарэгістраванай арганізацыі, у мэты якой уваходзяць разбурэнне канстытуцыйнага ладу і пазбаўленне Беларусі незалежнасці. Месца збору чальцоў АЧМ - у цэнтры горада пад вокнамі будынка пінскага КДБ.

«Я упэўнены, што нашыя спецслужбы ведаюць, хто гэта робіць. Пінск - не такі вялікі горад, і вядома, хто чым займаецца. Проста няма каманды гэта спыніць. Ніякіх мераў яны прымаць не будуць. Калі былі ўлёткі з абразай дэмакрата, я напісаў аб гэтым у пракуратуру і атрымаў адказ, што гэта зрабіў невядома хто, яго немагчыма знайсці», - паведаміў Віктар Ярашук.

У апошні час на аўтобусных прыпынках горада сталі з'яўляцца ўлёткі новай праварадыкальнай арганізацыі НБП (нацыянал-бальшавіцкай партыі) з малюнкам брытагаловага дзецюка. На іх нават пазначаны кантактны тэлефон.

Апошнія навіны