BE RU EN

Суд адмовіў апазыцыянеру ў зыску супраць «Белтрансгазу»

  • 30.10.2008, 17:53

Сёньня Берасьцейскі абласны суд адмовіў у аднаўленьні на працы актывісту Партыі БНФ Алесю Меху, які быў звольнены напярэдадні «выбараў» з Кобрынскага упраўленьня магістральных газаправодаў «Белтрансгаз».

Актывіста БНФ звольнілі пасьля таго, як ён не адмовіўся ад удзелу ў «выбарчай кампаніі» чаго патрабавала адміністрацыя.

Адразу па паседжаньні берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Малей заявіў «Радыё Свабода», што рашэньне суду — несправядлівае. Судзьдзі нават не ўзялі пад увагу, што на звальненьне Меха не было згоды прафсаюзнага камітэту прадпрыемства.

«Няма дакумэнту аб выніках галасаваньня: колькі чалавек было «за», колькі — «супраць». І мы лічым, што калі гэтага няма, то фактычна не было згоды прафкаму на звальненьне Меха. І пракуратура пры праверцы пацьвердзіла, што такога галасаваньня не было. Упэўнены, што гэтага дастаткова, каб суд прызнаў, што была парушаная пасьлядоўнасьць звальненьня, а таму Мех павінен быць адноўлены на працы», - заявіў праваабаронца.

Афіцыйна Алесь Мех быў звольненым сёлета 30 чэрвеня гэтага году, пасьля таго, як катэгарычна адмовіўся ад прапановы начальства і КДБ ня ўдзельнічаць у «выбарах» у якасьці кандыдата ў «дэпутаты» «палаты прадстаўнікоў». Сёньняшні суд ён таксама лічыць перасьледам за свае палітычныя погляды.

«Рашэньне суду — палітычнае. Мы прадставілі ў суд усе доказы, усе юрыдычныя высновы. Але ж якім было рашэньне, вы ўжо ведаеце», - кажа Алесь Мех.

З словаў Алеся Меха, у пракуратуру і ў суды ён накіраваў ужо 8 заяваў. Сёньняшняе рашэньне ён таксама абскардзіць у Вярхоўным судзе. Ён лічыць, што гэта варта рабіць, нават калі адмоўны вынік вядомы загадзя.

«Мы павінны паказаць людзям, як з дапамогай кантрактнай сыстэмы чыноўнікі проста распраўляюцца зь непаслухмянымі. І як дзяржава, выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах суды, надалей працягвае і ўзмацняе ціск», - тлумачыць актывіст БНФ.

Аляксандар Мех мае дзьве вышэйшыя адукацыі. Больш як 14 гадоў ён працаваў інжынэрам ААТ «Белтрансгаз».

Апошнія навіны