Каштоўную зброю з Беларусі перапраўлялі па пошце
- 31.10.2008, 8:46
Буйная партыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў была канфіскаваная аператыўнікамі Менскай рэгіянальнай мытні.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК), у пачатку кастрычніка ў міжнародным паштовым адпраўленні з Магілёва ў ЗША, якое праходзіла мытнае афармленне ў ПТА «Менская пошта», мытнікі знайшлі ў кабуры незадэклараваны і без дазваляючых дакументаў магазін да пісталета Токарава (ТТ). Як паказала экспертыза, прадмет, што перамяшчаўся, з'яўляецца магазінам да пісталета ўзору 1930—1933 гадоў.
У адпаведнасці з заканадаўствам перамяшчэнне зброі і боепрыпасаў дапушчаецца пры наяўнасці дазволу органаў унутраных спраў, а ў міжнародных паштовых адпраўленнях забароненае. Гэта паслужыла падставай для ўзбуджэння Менскай рэгіянальнай мытняй крымінальнай справы па прыкметах кантрабанды.
Аднак адразу ўсталяваць асобу, датычную да правапарушэння, аператыўнікам не атрымалася, бо на пасылцы былі ўказаныя няпэўныя звесткі аб адпраўніку.
Па інфармацыі прэс-службы ДМК, наступнае расследаванне адкрыла новыя факты. На працягу двух дзён з Магілёва з розных адрасоў паступіла яшчэ некалькі пакетаў на вываз з краіны з прадметамі, якія меркавана маюць гісторыка-культурную каштоўнасць (рамяні, фуражкі, сумкі). Дбайная праверка дазволіла мытнікам выйсці на адпраўніка ўсіх пасылак, у кватэры якога было знойдзена і канфіскавана 93 абраза і драўляны царкоўны крыж.
Расследаванне працягваецца, усталёўваюцца акалічнасці ўвозу абразоў. У цяперашні час царкоўныя рэчы знаходзіцца на экспертызе ў мастацтвазнаўцаў. Па папярэдняй інфармацыі, абразы датуюцца другой паловай XIX — пачаткам XX стагоддзяў. Меркавана частка з іх адносіццца да стараверскіх.