«The Economist»: Сытуацыя з дэмакратыяй у Беларусі пагоршылася
- 31.10.2008, 9:24
У гэтым годзе Беларусь апынулася на 132-м месцы з 167-і магчымых паводле «Індэксу дэмакратыі 2008» сусьветна вядомага брытанскага тыднёвіка «The Economist».
Па ўзроўню дэмакратыі Беларусь стаіць у адным шэразе з Бахрэйнам, Анголай, і Кот д’Івуарам.
«Індэкс дэмакратыі 2008», які зьяўляецца своеасаблівым рэйтынгам дэмакратычнасьці краінаў сьвету, перадае «Радыё Свабода».
Каб скласьці гэты індэкс, у якім лік 10 адпавядае ідэальнай дэмакратыі, а 0 — поўнай аўтакратыі, экспэрты разгледзелі ў адносінах да кожнай краіны 60 паказьнікаў, разьдзеленых на пяць шырэйшых катэгорый:
а) выбарчы працэс і плюралізм;
б) грамадзянскія свабоды;
в) дзейнасьць ураду;
г) палітычная актыўнасьць;
д) палітычная культура.
Першы раз падобны індэкс «The Economist» склаў два гады таму, таму сёлета было магчыма здабіць параўнаньне. Дык вось, аказалася, што на працягу апошніх двух гадоў індэкс дэмакратыі панізіўся ў 68 краінах, павысіўся ў 56, і застаўся нязьменны ў 43.
Палітычныя формы дзяржаўнага кіраваньня на сьвеце былі разьдзеленыя брытанскім тыднёвікам на чатыры тыпы:
поўная дэмакратыя (30 краінаў);
няпоўная дэмакратыя (50);
гібрыдны рэжым (36);
аўтарытарны рэжым (51).
У гэтым годзе Беларусь з адзнакай 3.34 апынулася на 132-м месцы, у атачэньні такіх краінаў, як Бахрэйн, Ангола, Альжыр і Кот д’Івуар. Два гады таму Беларусь у падобным рэйтынгу «The Economist» была 128-й.
Паводле экспэртаў «The Economist», найбольш дэмакратыі ў Швэцыі, а потым у Нарвэгіі, Ісляндыі і Нідэрляндах.