Анатоль Вярцінскі: «Уразіла, як моладзь скандавала: «Вандэя!»
- 31.10.2008, 11:08
20 гадоў таму, падчас правядзеньня ў Беларусі першай масавай антыкамуністычнай акцыі «Дзяды», паэт Анатоль Вярцінскі быў галоўным рэдактарам тыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Менавіта «ЛіМ» надрукаваў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці».
“Мы ў нейкім сэнсе падрыхтавалі грамадзкую думку папярэднім нумарам за 28 кастрычніка. Мы далі падрабязную справаздачу аб стварэньні гісторыка-асьветніцкага таварыства “Мартыралёг Беларусі” і ўтварэньні аргкамітэту БНФ. У тым ліку мы далі ў поўным аб’ёме выступ Васіля Быкава. Я ўжо ўнутрана быў гатовы, што мы павінны ў наступным нумары даць адпаведны матэрыял пра “Дзяды”. І гэта было зроблена. Мы замовілі артыкул Віктару Карамазаву і надрукавалі яго на пачатку лістапада, а таксама надрукавалі падборку ўспамінаў удзельнікаў і сьведкаў падзей”, -- узгадвае Анатоль Вярцінскі ў інтэрв’ю “Радыё Свабода”.
І хоць улады ціснулі на кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, праўда пра тыя падзеі стала вядомая грамадзкасьці. Акрамя “ЛіМу”, праўду пра Дзяды — 1988 напісалі “Чырвоная змена”, часопіс “Огонёк”, па Беларускім тэлебачаньні паказалі фільм.
“Я хачу напомніць пра фільм, які зьняў тады Ўладзімер Арлоў, зь вельмі няпростым лёсам. Паколькі я быў кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, мы ўсё ж такі здолелі ня толькі зьняць гэты фільм, але і прабіць яго на экраны”, -- распавядае тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё БССР Генадзь Бураўкін.
На тыя “Дзяды”, 20 гадоў таму, упершыню народ адкрыта выказваў сваю грамадзянскую пазыцыю, упершыню беларускія ўлады брутальна разганялі мірнае шэсьце. Паэта, тагачаснага рэдактара “Літаратуры і мастацтва” Анатоля Вярцінскага ўразіла наступнае:
“Тут два моманты: мы на ўласныя вочы бачылі, як прымяняўся гвалт у адносінах да людзей, як іх пачалі хапаць і цягнуць у “варанкі”. А другі момант — гэта тое, як моладзь скандавала “Вандэя!” Запомнілася такая карцінка: дзяўчына на плячах у хлопца размахвае сьцяжком і звонкім дзявочым голасам выкрыквае: “Вандэя!” у адказ на заклік палкоўніка, які ўсё зьвяртаўся да людзей, каб яны разыходзіліся. І крык гэты дзявочы дружна падхопліваўся маладымі людзьмі”.
Генадзь Бураўкін узгадвае пра грамадзянскую пазыцыю інтэлігенцыі, якой давялося разьбірацца ў тых падзеях:
“У той камісіі, якая была створаная для разгляду падзеяў каля Ўсходніх могілак, з інтэлігенцыі, акрамя Васіля Быкава, быў народны паэт Пімен Панчанка. Ён быў адным з тых, хто адмовіўся падпісаць заключэньне гэтай камісіі. У яго была газэта на паседжаньні, і ён тады запісаў радкі Якуба Коласа: “Канстытуцыю далі, адчынілі дзьверы, і ў астрог нас павялі, і таўкуць бязь меры”. Вось так ён вызначыў паводзіны ўлады ў той сытуацыі”.