BE RU EN

Сваякі расстраляных у Катыні афіцэраў падалі пазоў у Страсбургскі суд

  • 31.10.2008, 11:53

Сваякі расстраляных у 1940 годзе ў Катыні польскіх ваеннапалонных накіравалі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) скаргу ў сувязі з адмовай расейскага боку задаволіць пазоў па справе аб рэабілітацыі палонных афіцэраў.

Аб гэтым паведамляе «Незалежная газета» са спасылкай на польскае выданне «Gazeta Wyborcza».

Са скаргай у Страсбургскі суд звярнуліся сын і ўнук афіцэраў польскага войска Ежыі Янавец і Антоні Рыбоўскі. Паводле інфармацыі выдання, польскія грамадзяне, якія з'яўляюцца нашчадкамі расстраляных у Катыні ваеннапалонных, засноўваюць свой зварот у Страсбург на тым, што Расея парушае іх права на справядлівы суд.

Яны лічаць, што расейскі бок не выконвае адно з палажэнняў Канвенцыі ААН па правах чалавека, якое абавязвае краіны забяспечваць абарону жыцця і тлумачыць кожны выпадак смерці. Паводле звесткак польскіх СМІ, у Страсбургу афіцыйна абвешчана, што расейскаму ўраду прыйдзецца даць тлумачэнні па «катынскай справе».

Варта адзначыць, што некалькі дзён таму ў Маскве адбылося другое паседжанне расейска-польскай групы па складаных пытаннях. Гэтае мерапрыемства накіраванае на выяўленне і вывучэнне праблемаў мінулага, якія негатыўна ўплываюць на расейска-польскія адносіны. Падчас паседжанняў разглядалася пытанне аб зачыненні «катынскай справы». Аднак сустаршыня групы былы польскі міністр замежных справаў прафесар Адам Ротфельд настойвае на рассакрэчванні расейскіх дакументаў, якія маюцца па гэтай справе.

На сустрэчы з удзельнікамі маскоўскага паседжання групы кіраўнік расейскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў адзначыў, што для аб'ектыўнага разгляду справы аб расстрэле польскіх афіцэраў неабходна «весці гутарку аб гісторыі ва ўсёй яе цэласнасці па прынцыпе «уся праўда, і толькі праўда».

Нагадаем, што 24 кастрычніка Хамоўніцкі суд Масквы вынес рашэнне аб прызнанні законнай адмовы вайсковай пракуратуры разгледзець пытанне аб рэабілітацыі расстраляных у Катыні польскіх вайскоўцаў. Патрабаванні польскіх сем'яў рэабілітаваць іх загінулых сваякоў былі адхіленыя.

Польскія і беларускія афіцэры былі расстраляныя ўвесну 1940 года. Пад Смаленскам і яшчэ ў некалькіх месцах на тэрыторыі СССР было забіта каля 22 тысячаў польскіх вайскоўцаў, якія ўтрымліваліся ў лагерах і турмах НКУС. Паводле звестак рассакрэчаных у 1992 годзе дакументаў, звязаных з масавымі расстрэламі ваеннапалонных, вядома, што сярод забітых былі 14552 польскія афіцэры і паліцыянты, узятыя у палон Чырвонай арміяй у верасні 1939 года, а таксама 7305 арыштаваных, якія ўтрымліваліся ў турмах заходніх абласцей Украіны і Беларусі.

Апошнія навіны