BE RU EN

Мілінкевіч спадзяецца пераканаць новага прэзідэнта ЗША пайсці насустрач Лукашэнку

  • 31.10.2008, 11:55

4 лістапада амерыканцы абяруць новага прэзідэнта. Асноўныя кандыдаты на гэтую пасаду – дэмакрат Барак Абама і рэспубліканец Джон Маккейн. Хто з іх пераважней для Беларусі?

Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч не аддае перавагу пэўнаму кандыдату, але кажа, што з Маккейнам сустракаўся некалькі разоў, а вось з Абамай - не.

"Я асабіста добра ведаю кандыдата Маккейна, я з ім неаднаразова сустракаўся. Барака Абаму я не ведаю і мне складана сказаць, хто з іх будзе выконваць адпаведную палітыку адносна Беларусі. Але я выкарыстаю ўсе свае магчымасці, каб новы прэзідэнт меў поўную інфармацыю аб сітуацыі ў Беларусі і каб палітыка яго была першым чынам накіраваная на падтрымку беларускай незалежнасці," – кажа палітык у інтэрв'ю «Еўрарадыё»

А вось палітолаг Раман Якаўлеўскі лічыць, што ад Штатаў не варта чакаць палітыкі ў стылі Еўразвяза, кожны амерыканскі прэзідэнт будзе жорсткім адносна беларускіх улад, аднак для апазіцыі больш зручны Маккейн.

"Ад Вашынгтона нельга чакаць палітыкі ў стылі Еўразвяза. У Лукашэнкі не павінна быць ніякіх ілюзій наконт таго, што яму будзе лепш, напрыклад, калі прэзідэнтам стане Абама. Не. Адносна Беларусі і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў адзін і той жа погляд. Для Лукашэнкі няма пажаданага прэзідэнта. А вось для апазіцыі - так, Маккейн лепш. Ён ведае апазіцыю, апазіцыя яго ведае. Ён удзельнічаў у розных міжнародных форумах і мае добрыя кантакты з беларускай апазіцыяй. Напрыклад, з Андрэем Саннікавым", -- кажа палітолаг.

У сваю чаргу Аляксандр Мілінкевіч спадзяецца, што яму атрымаецца пераканаць новага амерыканскага прэзідэнта пайсці насустрач беларускім уладам, патрабуючы наўзамен адпаведных крокаў.

"Паколькі ёсць сур'ёзная пагроза страты незалежнасці па той прычыне, што наша эканоміка функцыянуе вельмі неэфектыўна. Яна патрабуе рэформаў. Калі ізаляваць эканоміку, калі эканоміка не будзе мадэрнізаваная, мы патрапім у поўную залежнасць ад Расеі. І палітыка ў адносінах Беларусі павінная зыходзіць з гэтага. Я лічу, што эканамічныя санкцыі ў такім разе яшчэ пагаршаюць сітуацыю з незалежнасцю. Таму неабходнае супрацоўніцтва, але гэтае супрацоўніцтва заўсёды з умовамі. Не можа быць так, што проста падарункі даюцца рэжыму, каб ён узмацняў, напрыклад, рэпрэсіі. Вось такая мая стратэгія і думаю, што важна, каб яе прытрымваліся і еўрапейскія краіны, і Злучаныя штаты," -- сцвярджае ён.

Дарэчы, Джон Маккейн актыўна ўдзельнічаў у абмеркаванні беларускага пытання. Менавіта ён з'яўляўся аўтарам і ініцыятарам "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі", прынятага кангрэсам і сенатам у 2004 годзе.

Апошнія навіны