Amnesty International хоча адчыніць у Беларусі прадстаўніцтва
- 31.10.2008, 14:19
Як паведаміла прэс-сакратар польскай філіі Amnesty International Моніка Дэптула, пакуль што няма сыгналаў зь беларускага боку, але справа застаецца актуальнай.
“На дадзены момант арганізацыя не атрымала афіцыйнага адказу, але мы будзем намагацца адчыніць у Беларусі наш офіс, каб мець магчымасьць манітараваць сытуацыю з правамі чалавека, а таксама праводзіць незалежныя дасьледваньні, зьвязаныя з правядзеньнем выбараў і цэнзурай СМІ. Таксама хочам рэалізаваць адмысловыя праекты. Мы прыкладаем усе намаганьні, але цяжка сказаць, ці ўлады дадуць нам дазвол. Усе спадзяюцца, што так”, - кажа Моніка Дэптула ў інтэрв’ю “Польскаму радыё”.
Яна зазначае, што для Amnesty International Беларусь і справы, зь ёй зьвязаныя, носяць прыярытэтны характар.
Арганізацыя кіравала да беларускага ўраду звароты з патрабаваньнем адмены артыкулу Крымінальнага кодэксу, які забараняе дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таксама несупынна заклікае беларускія ўлады далучыцца да мараторыя на выкананьне сьмяротнага пакараньня.