Віктар Івашкевіч: «Перыяд задушлівай дыктатуры можа скончыцца»
- 31.10.2008, 14:51
«Сёлета акцыя акцыя «Дзяды» знамянальная тым, што 20 гадоў таму з яе пачаўся беларускі дэмакратычны рух, які пачаў адкрыта змагацца за свабоду», -- заяўляе намеснік Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
«Праз тры гады Беларусь стала незалежнай, кампартыя была забароненая, Народны фонт зарэгістраваны, а бела-чырвона-белы сцяг залунаў над Домам урада. Тады, у 1988 годзе, такога ніхто не мог нават уявіць. Але была вялікая надзея, што мы ідзем да нацыянальнага, культурнага, дэмакратычнага Адраджэння», -- узгадвае ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 палітык.
На думку Івашкевіча, сёння, праз 20 гадоў, сітуацыя ў Беларусі не менш цяжкая, але ўсё можа змяніцца, калі людзі змогуць перамагчы свой страх і адкрыта заявіць аб праве на свабоднае і годнае жыццё.
«На працягу гэтых 20 гадоў мы не выпускалі з рук бела-чырвона-белы сцяг. Зараз надыходзіць новы перыяд уздыму. Перыяд задушлівай дыктатуры можа скончыцца. І зноў усё залежыць ад нас. 2 лістапада нам усім трэба прыняць удзел у важнай для гісторыі краіны, важнай для ўсіх нас падзеі – акцыі «Дзяды». Мы павінны выйсці з бела-чырвона-белымі сцягамі, і гэтым морам нацыянальных сцягоў прадэманстраваць, што перспектыва ў дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі ёсць. Удзел чалавека ў гэтай акцыі – гэта яго ўнёсак у будучыню краіны, гэта пасланне беларускай і сусветнай супольнасці, што Беларусь будзе вольнай, дэмакратычнай, еўрапейскай», -- упэўнены палітык.
Напярэдадні акцыі, 31 кастрычніка, Віктар Івашкевіч разам з іншымі лідэрамі Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам і Юрыем Губарэвічем дашлі да галоўнага ўваходу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і раздалі студэнтам і выкладчыкам ВНУ ўлёткі з заклікам прыняць удзел у акцыі 2 лістапада.
«Мне хочацца сказаць усім маладым людзям -- адарвіцеся ад крэсла перад кампутарам, вазьміце ў рукі нацыянальны сцяг і прыміце ўдзел у акцыі. Вы ўбачыце, што нашмат больш прыемна адчуваць сябе ўдзельнікам гістарычных падзеяў, а не назіраць за імі з боку», -- сказаў Івашкевіч.
Мемарыяльная акцыя «Дзяды», прысвечаная Дню памяці продкаў, пачнецца 2 лістапада ў 12.00 з ускладання кветак на магілы вядомых беларускіх дзеячаў на Усходніх могілках Менска. Затым пройдзе шэсце па праспекце Незалежнасці, вуліцы Каліноўскага і Лагойскам тракце да ўрочышча Курапаты, дзе адбудзецца мітынг.