Эканомія на самых бедных: скарочаны бюджэт пражытачнага мінімуму
- 31.10.2008, 16:53
Урад Беларусі зацвердзіў бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах у коштах верасня бягучага года ў разліку на адзін месяц.
Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета Міністраў №1628 ад 30 кастрычніка бягучага года, перадае БелТА. Перыяд дзеяння гэтага сацыяльнага нарматыва - з 1 лістапада 2008 года па 31 студзеня 2009 года.
Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з лістапада складзе Br223 тыс. 660 (з 1 жніўня па 31 кастрычніка ён быў роўны Br224 тыс. 700). Для працаздольнага насельніцтва БПМ усталяваны ў памеры Br245 тыс. 270, для пенсіянераў - Br195 тыс. 780, для студэнтаў - Br233 тыс. 870, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў - Br265 тыс. 100, для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br191 тыс. 470. Новы БПМ на 0,5% меншы ў параўнанні з тым, які дзейнічаў раней.
Як патлумачыла намесніца начальніка аддзела комплексных праблемаў развіцця сацыяльна-працоўнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Людміла Сінюціна, змяншэнне памеру БПМ абумоўленае сезонным зніжэннем коштаў на садавінагародніную прадукцыю.
"Гэта не адаб'ецца на памерах пенсіяў, дапамогаў, іншых сацыяльных выплатаў, якія ўсталёўваюцца ў залежнасці ад велічыні гэтага нарматыва, - падкрэсліла спецыяліст. - У адпаведнасці з заканадаўствам за аснову будзе ўзятая найбольшая велічыня БПМ за два апошнія кварталы".