«Спортивная панорама» прызналася, што падмалёўвала заўзятарам чырвона-зялёныя сьцягі (Фота)
- 7.10.2008, 12:54
Галоўны рэдактар «Спортивной панорамы» Віктар Рабінін прызнаўся, што заўзятары БАТЭ не ўздымалі чырвона-зялёных сьцягоў на матчы з «Ювэнтусам».
Вось як Віктар Рабінін пракамэнтаваў замену колеру сьцягоў у руках заўзятараў БАТЭ.
«Мы лічым, што нічога не парушылі. Ні з гледзішча закону, ні з гледзішча журналісцкай этыкі. Тое, што некаторыя пасьпяшаліся назваць фатаздымкам, насамрэч называецца фотакаляжам.
Дзеля чаго мы гэта зрабілі?
Мы лічым, што нічыя нашага БАТЭ з «Ювэнтусам» — гэта ня толькі дасягненьне гэтага барысаўскага клюба, але і дасягненьне ўсяго беларускага футболу. І нашай спартовай дзяржавы цалкам. Калі хочаце — гэта наш нацыянальны гонар! Аб гэтым сьведчыць і надпіс пад фатакаляжам: «Клуб БАТЭ достойно представляет страну. Мы ему рукоплещем!»
Ёсьць рэчы, якімі пакрыўдзіць нікога нельга. Нельга ж пакрыўдзіць любоўю, ветлівасьцю ці тым болей дзяржаўнай сымболікай», - заявіў Віктар Рабінін у камэнтары «КП в Беларуси».
Нагадаем, што ў пятніцу 3 кастрычніка «Спортивная панорама» выйшла на першай паласе з матэрыялам, прысьвечаным мачту БАТЭ — Ювэнтус. Матэрыял суправаджала ілюстрацыя, на якой у заўзятараў БАТЭ чырвона-зялёныя сьцягі. Высьветлілася, што насамрэч у іх былі сьцягі ФК БАТЭ: жоўта-сіня-жоўтыя.
А вось як гэтае фота глядзелася на самой справе. Аўтар фота -- Антон Маталько, TUT.BY
Яшчэ фота з матчу:
А вось так бы фота Антона Маталько глядзелася б на старонках чорна-белай газеты «Спортивная панорама». Разумееце зараз, чаго спужаліся дзяржжурналісты?