Транспарт, што часова ўвозіцца ў Расею, не трэба будзе афармляць
- 8.10.2008, 9:05
Беларусь і Расея дасягнулі папярэдняй дамоўленасці аб спыненні афармлення часовага ўвозу беларускіх транспартных сродкаў на тэрыторыі Расеі.
Аб гэтым 7 кастрычніка заявіў журналістам міністр транспарта і камунікацый Беларусі Ўладзімір Сасноўскі, піша БелаПАН.
Ён, у прыватнасці, адзначыў, што бакі стварылі неабходную базу для адмены рэгістрацыі часовага ўвозу ў Расею грузавога і легкавога транспарта, зарэгістраванага ў Беларусі.
"Дамоўленасць аб спыненні афармлення часовага ўвозу транспартных сродкаў з Беларусі на тэрыторыі Расеі дасягнутая, аднак дадзенае рашэнне пакуль не фармалізавана. Засталося прыняць адпаведныя нарматыўныя акты, для таго каб аформіць гэтыя дамоўленасці", — растлумачыў У.Сасноўскі.
Па ягоных словах, у расейскага боку ёсць разуменне таго, што цяпер няма неабходнасці афармлення часовага ўвозу транспартных сродкаў для грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Раней такое афармленне ў асноўным было звязанае з рознымі пошлінамі на ўвоз аўтатранспартных сродкаў у абедзьвюх дзяржавах. Аднак цяпер, калі 96% мытных тарыфаў выраўненыя, неабходнасці ў афармленні часовага ўвозу няма, адзначыў кіраўнік Мінтранса. "Такім чынам, у нас па сутнасці створаная прававая і эканамічная база для таго, каб гэты элемент эканамічных абмежаванняў нівеліраваць", — падкрэсліў У.Сасноўскі.
Як ужо паведамлялася, 6 кастрычніка ў Менску, распачынаючы паседжанне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што працэдуры дадатковага кантролю на беларуска-расейскай мяжы негатыўна адбіваюцца на іміджы саюзнага будаўніцтва.
Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на тое, што доўгі час застаецца нявырашаным пытанне аб адмене рэгістрацыі часовага ўвозу ў Расею грузавога і легкавога транспарта, зарэгістраванага ў Беларусі.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што працэдуры дадатковага кантролю на мяжы таксама з'яўляюцца стрымліваючымі фактарамі ў развіцці ўзаемавыгоднага гандлю, ствараюць нязручнасць грамадзянам, што прастойваюць у чэргах пры афармленні і звароце дазваленчых дакументаў у пунктах прыняцця апавяшчэнняў.