BE RU EN

Віцэ-старшыню Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы не ўпусцілі ў Беларусь

  • 8.10.2008, 10:22

Віцэ-спікеру парламента Эстоніі, намесніку старшыні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Крыйсціне Аюланд, якая планавала наведаць Беларусь 9-10 кастрычніка, было адмоўлена ў візе.

"Беларускі рэжым у чарговы раз даказаў, што жаданне палепшыць адносіны з краінамі Захада толькі словы, да якіх нельга ставіцца сур'ёзна", - заявіла Крыйсціна Аюланд.

Падчас свайго візіту Аюланд планавала сустрэцца з прадстаўнікамі некаторых апазіцыйных рухаў. Па ейным меркаванні менавіта з-за гэтага ёй адмовілі ў выдачы візы, паведамляе сайт novosti.err.ee.

Таксама Аюланд заявіла аб тым, што, па адзнацы АБСЕ, «парламенцкія выбары», якія адбыліся ў Беларусі 28 верасня, не былі дэмакратычнымі.

Адзначым, што палітычная кар'ера Крыйсціны Аюланд доўжыцца ўжо 16 год. І ні разу за гэты час ёй не адмаўлялі ў атрыманні віз.

Характэрна, што ў той час як дзейсны старшыня АБСЕ, кіраўнік МЗС Фінляндыі Аляксандр Стуб, нягледзячы на фальсіфікацыю вынікаў «парламенцкіх выбараў», убачыў у Беларусі нейкія «пазітыўныя змены», у краіну не ўпусцілі віцэ-старшыню Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Апошнія навіны