Хрол: Новы беларускі «парламент» разгледзіць просьбу аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі
- 8.10.2008, 13:23
На прэс-канферэнцыі 8 кастрычніка ў Маскве намеснік дзяржсакратара — чалец сталага камітэта «саюзнай дзяржавы» Васіль Хрол заявіў, што наноў абраны «парламент» Беларусі можа разгледзець просьбу аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, калі ад іх паступяць афіцыйныя звароты на гэты конт.
Аб гэтым паведамляе БелаПАН са спасылкай на РІА «Новости».
«Мы ніколі не сутыкаліся з такой праблемай у парламенцкай практыцы — прызнаваць ці не прызнаваць дзяржаву, але ў выпадку, калі паступяць афіцыйныя звароты, новаабраны беларускі «парламент» разгледзіць такую магчымасць і будзе дзейнічаць у межах інтарэсаў «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі», — сказаў Васіль Хрол.
Як заявіў 19 верасня ў інтэрв'ю заходнім журналістам Аляксандр Лукашэнка, ён хацеў бы, каб сваё меркаванне па гэтым пытанні выказаў новы «парламент».
«Можа, у іх будуць нейкія іншыя аргументы і факты, якіх я не ведаю. Я лічу, што нас ніхто не прыспешвае, мы спакойна можам разабрацца ў сітуацыі. Пройдзе пэўны час, і мы, абмеркаваўшы гэтае пытанне, прымем адпаведнае рашэнне», - заўважыў А.Лукашэнка.
24 верасня ў інтэрв'ю БелаПАН расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Расея зацікаўленая ў прызнанні Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Паводле словаў дыпламата, Расея разумее, што «працэс не павінен моцна нагнятацца і паскарацца».
«Мы лічым, што Беларусь павінна разабрацца ў сваіх адносінах з гэтымі анклавамі, якія зараз існуюць, што можа быць у перспектыве, і цалкам асэнсавана да гэтага пытання падыходзіць», — падкрэсліў А.Сурыкаў.
25 верасня на імя Аляксандра Лукашэнкі прыйшлі лісты з асабістымі зваротамі кіраўнікоў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Сяргея Багапша і Эдуарда Какойты з просьбай аб прызнанні Беларуссю незалежнасці гэтых тэрыторыяў.
Аляксандр Лукашэнка ў лісце кіраўніку Паўднёвай Асеціі паведаміў, што пытанне аб прызнанні Паўднёвай Асеціі разгледзіць новы склад «нацыянальнага схода» Беларусі.
«Застаючыся паслядоўнай у сваёй знешняй палітыцы, Беларусь будзе разглядаць паднятыя ў Вашым пасланні пытанні самым уважлівым чынам у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і з захаваннем прадугледжаных для гэтага ўнутрыдзяржаўных працэдураў пры ўдзеле новага складу «нацыянальнага схода» Рэспублікі Беларусь», — гаварылася ў пасланні Аляксандра Лукашэнкі.