Бураўкін: «Калыханку» на БТ замянілі па жорсткім загадзе зверху
- 9.10.2008, 10:27
Замена дзіцячай «Калыханкі» на беларускім тэлебачанні працягвае хваляваць усіх. Выказваліся аўтары, бацькі, не засталіся ўбаку нават рокеры.
«Еврорадио» запыталася ў аўтара вершаў да старой «Калыханкі» Генадзя Бураўкіна, як ён ставіцца да новага твора.
У паэта ёсць пэўныя заўвагі да музыкі і тэксту. Акрамя таго яго вельмі моцна патрэсла тое, што замена мела палітычныя карані. Такім чынам пазбавіліся нават завочнай прысутнасці паэта, які некалькі гадоў кіраваў Беларускім тэлебачаннем.
«Некаторыя мае сябры спыталі ў Дзіцячай рэдакцыі (ці як там зараз гэта завецца) на тэлебачанні, чаму гэта зрабілі. Яны сказалі: нам было прамое жорсткае ўказанне «зверху». Прабачыце — гэта ўжо дайшлі да таго, што дыктуюць, што спяваць дзеткам. Не бацькі выбіраюць, а — хто там, я не ведаю, «зверху»...», -- сказаў паэт.