Вінцук Вячорка: «Рэжым больш ня мае патрэбы паказваць лібералізаванае аблічча»
- 9.10.2008, 15:19
Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што адмова ў выдачы візы віцэ-старшыні ПАРЭ Крыйсціне Оюланд з'яўляецца праявай сапраўдных намераў беларускіх уладаў «дэмакратызаваць» краіну.
"Паколькі ўлады атрымалі абяцанні аб тым, што будуць прынятымі максымальна мяккія дакуманты і Еўрапейскім Звязам, і іншымі еўрапейскімі структурамі, то знікла неабходнасць дэманстраваць нейкае лібералізаванае аблічча. Далей будзе яшчэ горш", - заявіў Вінцук Вячорка ў інтэрв'ю "Еўрапейскаму радыё".
Палітык зазначыў, што за апошні час ніякіх істотных зменаў унутры Беларусі не адбылося, як бы гэта не жадалі паказаць некаторыя беларускія і замежныя палітыкі. Вінцук Вячорка ўпэўнены, што будуць новыя палітычныя затрыманні і зняволенні ў Беларусі, а таксама новыя візавыя бар'еры для замежнікаў.
"Першай ластаўкай", якая сведчыла аб набліжэнні рэпрэсыяў, палітык называе выпадак з Іванам Бедкам - кіраўніком выбарчай кампаніі Івана Шегі ў Слоніме. Бедку звольнілі з працы ў панядзелак 29 верасня - на наступны дзень пасля “выбараў”.