З-за «урадавага мерапрыемства» адмянілі оперу
- 9.10.2008, 17:50
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Беларусі адмяніў спектакль «Трубадур», які павінен быў прайсці 23 кастрычніка.
Як распавёў «Народнай волі» намеснік дырэктара тэатра Аляксандр Пятровіч, адбылося гэта з-за таго, што ў гэты дзень тэатр удзельнічае ва ўрадавым мерапрыемстве.
«Нам прыйшла вельмі ганаровая прапанова, -- тлумачыць Аляксандр Пятровіч. -- Мы будзем выступаць на адным урадавым мерапрыемстве».
Таксама намеснік дырэктара тэатра дадаў, што адмена спектакля -- з'ява не форс-мажорная.
«Сёлета ўжо некалькі разоў адмянялі спектаклі па розных прычынах. Але мы заўсёды прапануем гледачу вярнуць квіткі ці захаваць іх да наступнага паказу», -- кажа ён.
Адміністрацыя Тэатра оперы паведамляе, што вярнуць грошы за набытыя на «Трубадура» квіткі можна з 23 па 25 кастрычніка ў касе тэатра.