БАТЭ пацярпела першую паразу ў чэмпіянаце Беларусі
- 10.11.2008, 8:29
9 лістапада на чэмпіянаце Беларусі па футболе адбыліся матчы перадапошняга, 29-га тура. Дзейсныя чэмпіёны краіны футбалісты барысаўскага БАТЭ гулялі ў гасцях у галоўнага прэтэндэнта на срэбныя медалі сталічнага "Дынама".
Менчукі лепш наладзіліся на гэтую сустрэчу і атрымалі перамогу з лікам 2:1. Адзначым, што для барысаўскай каманды гэта першая параза ў матчах 18-га першынства краіны. Адзіны гол у складзе барысаўчан забіў форвард Віталь Радзівонаў.
Яшчэ адзін прэтэндэнт на другое месца сталічны МТЗ-РЫПО у сябе дома без асаблівых праблем узяў верх над землякамі з "Лакаматыва", які страціў шанцы на захаванне месца ў вышэйшай лізе, з лікам 3:1.
Прынцыповы паядынак "Віцебску" з гасцямі з салігорскага "Шахцёра" завяршыўся пераканаўчай перамогай гаспадароў - 3:0. Дзякуючы гэтаму поспеху, падапечныя Аляксандра Хацкевіча пацяснілі гарнякоў з чацвёртага месца ў турнірнай табліцы розыгрышу.
Футбалісты магілёўскага "Савіта", якія ў гэтым сезоне дэбютавалі ў кампаніі мацнейшых каманд краіны, прайгралі ў гасцях брэсцкім дынамаўцам 1:4 і ў наступным сезоне ізноў выступяць у 1-й лізе.
Вынікі астатніх сустрэч: "Нёман" (Гародня) - "Гомель" - 1:0, "Тарпеда" (Жодзіна) - "Смаргонь" - 1:3, "Дарыда" (Менскі раён) - "Нафтан" (Наваполацк) - 0:3, "Днепр" (Магілёў) - "Граніт" (Мікашэвічы) - 0:1.
Перад заключным турам, які адбудзецца роўна праз тыдзень, 16 лістапада, у БАТЭ 63 ачка, менскае "Дынама" мае 59 балаў, а сталічны МТЗ-РЫПО адстае ад дынамаўцаў на 2 ачка. Такім чынам, незразумелым застаецца толькі адно пытанне, якая з дзвюх менскіх каманд стане ўладальнікам срэбра, а якая бронзы. У апошнім матчы "Дынама" згуляе ў гасцях у "Савіта", а іх канкурэнты таксама ў гасцях правядуць матч супраць "Гомеля".