BE RU EN

Яшчэ адну справу «аб экстрэмізму» пакінулі без разгляду

  • 10.11.2008, 8:59

Суд Кастрычніцкага раёну Гродна пакінуў без разгляду справу «аб экстрэмісцкім змесце» нумару газэты «Глос з-над Немна ў выгнанні», ініцыятарам якой выступаў кіраўнік упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Ігар Сяргеенка.

Скандальная справа супраць газэты «Глос з над Немна ў выгнанні» і яе тагачаснага галоўнага рэдактара Анджэя Пісальніка была прынята да разгляду судом Кастрычніцкага раёна амаль 2 месяцы таму, нагадвае «Радыё Рацыя».

Кіраўнік упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці генерал-маёр Ігар Сяргеенка прасіў суд прызнаць нумар газэты, канфіскаваны ў свой час гарадзенскіміі мытнікамі ў Анджэя Пісальніка экстрэмісцкім і вынесці рашэнне аб яго знішчэнні.

Суд прапанову шэфа мясцовага КДБ адхіліў: суддзя Аляксандар Сіцько спаслаўся на адпаведны артыкул грамадзянска-працэсуальнага кодэкса, які дае права пакінуць справу без разгляду.

Бліжэйшым часам Анджэй Пісальнік збіраецца звярнуцца ў суд Кастрычніцкага раёна з прапановай вярнуць яму нумар «Глоса з над Немна ў выгнанні» — журналіст «Жэчыпосполітай» лічыць, што калі справа пакінута без разгляду — нумар выдання не ўтрымлівае экстрэмісцкіх матэрыялаў і як след, не цікавіць судовую установу.

Апошнія навіны