BE RU EN

Святочныя вакацыі – за свой кошт

  • 10.11.2008, 11:07

На адным з буйнейшых барысаўскіх прадпрыемстваў – заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік» – частку працаўнікоў прымусілі напісаць заявы на неаплачаны адпачынак. Пакуль на два дні.

У прадпрыемства дзве пляцоўкі – асноўная і так званая другая, на якой у дзве змены працуе больш за тысячу чалавек. Менавіта ім напярэдадні кастрычніцкіх свят катэгарычна "параілі" напісаць заявы на адпачынак за свой кошт 6 і 10 лістапада. Прычына – адсутнасць фронту прац і цяжкасці з выплатай заробку, паведамляе Bulletinonline.

"Гідраўзмацняльнік" – завод, асноўным спажыўцом прадукцыі якога з'яўляецца Расея. І калі раней расейцы расплочваліся за прадукцыю барысаўчан па факце або на ўмовах прадаплаты, то зараз яны пакідаюць за сабой права аплочваць пастаўкі на працягу 60 дзён з моманту атрымання. Усё гэта, натуральна, згубна адбіваецца на выплаце заробку працаўнікам заводу.

Зараз на заводзе (асабліва ўсё на той жа другой пляцоўцы) ходзяць упартыя чуткі аб пераводзе прадпрыемства на чатырохдзёнку. Прычыны – тыя ж.

Апошнія навіны