BE RU EN

Ангела Меркель пратэстуе супраць ціска на грамадзянскую супольнасць ў Беларусі

  • 10.11.2008, 16:37

Еўразвяз будзе патрабаваць ад беларускіх уладаў адмены артыкула 193 заўв. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя ліквідаванай, прыпыненай ці незарэгістраванай арганізацыі.

Аб гэтым заявіла канцлер ФРГ Ангела Меркель на паседжанні выканкама і праўлення Еўрапейскага звяза пенсіянераў (ESU), якое адбылося ў Берліне 6 лістапада.

Як паведаміла БелаПАН лідэр незарэгістраванага грамадскага аб'яднання беларускіх пенсіянераў "Наша пакаленне" Таццяна Зелка, якая ўдзельнічала ў паседжанні ў якасці назіральніка, канцлер Нямеччыны таксама заявіла, што Еўразвяз мае намер разгледзець пытанне спрашчэння працэдуры атрымання беларускімі грамадзянамі шэнгенскіх візаў.

Як адзначыла Т.Зелка, удзельнікі паседжання, многія з якіх з'яўляюцца дэпутатамі Еўрапарламента, вельмі ўважліва сочаць за становішчам у Беларусі, і ў прыватнасці за сітуацыяй вакол рэгістрацыі аб'яднання "Наша пакаленне". "Я была прыемна здзіўленая тым, наколькі інфармаваныя еўрапейскія калегі аб адмове Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць нашае аб'яднанне. Мяне ўзрадаваў той факт, што ні водзін прадстаўнік Еўрапейскага звяза пенсіянераў не застаўся абыякавым да нашай праблемы. На паседжанні прагучалі розныя прапановы па супрацьдзеянні самадурству беларускіх уладаў. Са свайго боку ініцыятыўная група па стварэнні аб'яднання мае намер дамагацца яго рэгістрацыі", — сказала Т.Зелка.

Нагадаем, у сярэдзіне кастрычніка Мінюст адмовіў заяўнікам у рэгістрацыі аб'яднання "Наша пакаленне". Шмат хто з тых, хто ўвайшоў у склад новай арганізацыі, у 2005—2006 гадах ужо спрабавалі стварыць рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне пенсіянераў "Старэйшыны". Тады Мінюст адмовіў заяўнікам у рэгістрацыі арганізацыі, беспаспяховай апынулася і спроба абскардзіць гэтую адмову ў Вярхоўным судзе.

Апошнія навіны