Польшча адзначае 90-я ўгодкі ўзнаўлення незалежнасці
- 11.11.2008, 9:05
Польшча ў аўторак адзначыць 90-я ўгодкі ўзнаўлення незалежнасці. У Варшаву 11 лістапада прыбудуць больш за 800 гасцей, у тым ліку 16 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў.
Урачыстасці пачнуцца апоўдні ля магілы Невядомага салдата ў Варшаве, пасля гасцей чакаюць на ланч у Каралеўскім замку. У 17.00 па мясцовым часе кіраўнік Польшчы Лех Качыньскі у прэзідэнцкім палацы ўручыць дзяржаўныя ўзнагароды, а праз тры гадзіны пачнецца баль у Вялікім тэатры.
Як паведаміў РИА «Новости» прадстаўнік канцылярыі кіраўніка дзяржавы, на баль прыбудуць прэзідэнты Аўганістана, Літвы, Латвіі і Эстоніі, Харватыі, Чарнагорыі, Македоніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі і Венгрыі. Сярод гасцей будуць таксама прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка і прэм'ер-міністр Чэхіі Мірэк Тапаланэк.
Канцлер ФРГ Ангела Меркель таксама прыляціць у Варшаву і прыме ўдзел ва ўрачыстасцях ля магілы Невядомага салдата.
На баль прэзідэнтаў Лех Качыньскі запрасіў двух прадстаўнікоў Беларусі - былога старшыню Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча і лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.
Асвятляць імпрэзы ў Варшаве будуць каля 300 польскіх і замежных журналістаў.