Еўразвяз нагадаў беларускаму рэжыму пра 12 умоваў
- 11.11.2008, 10:43
Прэс-сакратар камісара Еўразвяза па знешняй палітыцы лічыць, што беларускія ўлады павінныя вярнуцца да 12 умоваў, якія былі вызначаныя ЕЗ як ключавыя для развіцця еўрапейска-беларускіх адносін.
4-5 лістапада Менск наведаў з візітам высокі прадстаўнік Еўракамісіі, намгендырэктара па знешніх сувязях Х’юга Мінгарэлі.
Як паведамлялі пасля сустрэчы з еўрачыноўнікам прадстаўнікі беларускай апазіцыі, Мінгарэлі вёў гаворку аб пяці пунктах «дарожнай мапы», што закліканая азначыць этапы нармалізацыі адносін Беларусі і ЕЗ. Чатыры патрабаванні супадаюць з «хатнім заданнем», складзеным апазіцыяй. Гэта змена выбарчага заканадаўства; забеспячэнне роўных умоваў працы СМІ і доступ апазіцыі да дзяржаўных СМІ; стварэнне ўмоваў для нармальнага функцыянавання палітычных партый; выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкулаў аб крымінальным пераследзе за грамадскую і палітычную дзейнасць. Пятым пунктам ЕЗ стала ўмова аб мараторыі на палітвязняў.
Ці казаў Мінгарэлі аб «дарожнай мапе» і пяці ўмовах на сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Андрэем Кабяковым, шырокай публіцы невядома. У справаздачы патрапілі толькі словы еўрачыноўніка аб неабходнасці дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, у прыватнасці, у галіне правоў чалавека, вяршэнстве закона і дэмакратызацыі, адзначаюць «Белорусские новости».
Ці выпадкова, але прагаварыўся Андрэй Кабякоў. Ён заявіў, што «беларускі бок усведамляе неабходнасць працы над так званым «хатнім заданнем», пазначаным у дыялогу з ЕЗ». Пры гэтым ён падкрэсліў, што Менск «разлічвае на адэкватныя зваротныя дзеянні ЕЗ».
Паміж тым прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў, па сутнасці, дэзавуяваў словы віцэ-прэм'ера. Па ягонай інфармацыі, бакі працуюць над тым, каб перавесці супрацоўніцтва ў практычную плоскасць у тых сферах, дзе ёсць узаемная цікавасць. Так, Менск і Брусэль кажуць аб гандлі, энергетыцы, супрацоўніцтве ў мытных пытаннях і развіцці транзітнай інфраструктуры. Прапановы ЕЗ, заявіў Папоў, «уяўляюць для нас практычную цікавасць».
У інтэрв'ю БелаПАН прэс-сакратар камісара ЕЗ па знешняй палітыцы Крысціяна Хаман і зусім вярнулася да 12 умоваў, якія былі вызначаныя як ключавыя для развіцця адносін Беларусі з Еўразвязам яшчэ ў лістападзе 2006 года. Па ейных словах, менавіта гэтыя рэкамендацыі — дэталёвая «дарожная мапа» для беларускіх улад. «Куды ўжо падрабязней?» — лічыць прадстаўніца прэс-службы еўракамісара.
Хаман адмовілася каментаваць візіт і ягоныя вынікі, спаслаўшыся на тэхнічны характар паездкі Мінгарэлі ў Менск. Яна нагадала аб гатовасці ЕЗ развіваць адносіны з Беларуссю. «Але цяпер яшчэ рана казаць аб гэтым прадметна або планаваць афіцыйныя візіты прадстаўнікоў Менска і Брусэля — перш беларускія ўлады павінныя распачаць наступныя крокі насустрач», — паказала прэс-сакратар.
Нагадаем, што Еўрапейскі Звяз настойвае на выкананні беларускім рэжымам 12 умоваў па дэмакратызацыі. Еўразвяз заклікае, каб беларускія ўлады:
1. паважалі права грамадзян Беларусі абіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам – іх права чуць усе меркаванні і бачыць усіх кандыдатаў на выбарах; права апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў на перадвыбарную агітацыю без прыгнятанняў, пераследаў і турэмных зняволенняў; правядзенне незалежнага назірання за ходам выбараў, уключаючы беларускімі грамадскімі арганізацыямі; свабода грамадзян у выказванні сваёй волі і права на сумленны падлік галасоў;
2. паважалі права грамадзян Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасці дазволіўшы журналістам працаваць без прыгнятанняў або пераследаў, не зачыняючы газеты і не перашкаджаючы іх распаўсюду;
3. паважалі правы грамадскіх арганізацый, як жыццёва важнай часткі здаровай дэмакратыі – не перашкаджаючы іх законнаму існаванню, не прыгнятаючы і не пераследваючы сябраў грамадскіх арганізацый, а таксама дазволіўшы ім атрымліваць міжнародную дапамогу;
4. вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных – сябраў дэмакратычных апазіцыйных партый і звычайных грамадзян, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэч;
5. належным чынам правялі незалежнае расследаванне або перагледзелі выпадкі знікнення грамадзян;
6. забяспечылі права народа Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сістэму, дзе суддзі бы не траплялі пад палітычны ціск, не праводзіліся бы адвольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя пераследы або не прымаліся б палітычна матываваныя рашэнні, такія як арышт грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды;
7. спынілі адвольныя арышты, затрыманні і неналежнае абыходжанне з людзьмі;
8. выконвалі правы грамадзян Беларусі, прыналежных да нацыянальных меншасцяў;
9. выконвалі працоўныя правы грамадзян Беларусі, у прыватнасці іх права на ўдзел ў прафсаюзах, і права прафсаюзаў дзейнічаць у абарону правоў чалавека;
10. паважалі правы грамадзян Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад;
11. далучыліся да іншых народаў Еўропы і забаранілі смяротнае пакаранне;
12. выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЕ, ЕЗ і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй выконваць правы чалавека.