BE RU EN

Лукашэнка: «Нам ёсць што прапанаваць расейцам»

  • 11.11.2008, 12:24

Беларускі кіраўнік заяўляе, што на маючым адбыцца паседжанні Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» будуць прынятыя стратэгічныя рашэнні.

"Як старшыня вышэйшага органа «саюзнай дзяржавы» я зраблю ўсё, каб гэта была асаблівая сустрэча. На паседжанні будзе падпісаны шэраг дамоўленасцяў у плане стратэгічнага супрацоўніцтва па актуальных пытаннях умацавання «саюзнага будаўніцтва»", - заявіў Лукашэнка ў Менску, сустракаючыся з губернатарам Саратаўскай вобласці Расеі Паўлам Іпатавым.

Па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, "узаемаадносіны дзвюх дзяржаў сёння знаходзяцца на парозе нейкага новага этапу развіцця". А.Лукашэнка сказаў, што "сусветны фінансавы крызіс і іншыя пагрозы сучаснасці выявілі неабходнасць больш інтэнсіўнага аб'яднання высілкаў бакоў".

Беларускі кіраўнік выказаў упэўненасць, што "актывізацыя беларуска-расейскіх адносін, цесная палітычная каардынацыя сумесных дзеянняў на міжнароднай арэне, а таксама паслядоўная граматная эканамічная праца акажуць саноўчы ўплыў на працэсы стварэння адзінай «саюзнай дзяржавы»".

Лукашэнка таксама заявіў, што ў рэалізацыі задач па развіцці двухбаковых адносін значную ролю іграе рэгіянальнае супрацоўніцтва. Па ягоных словах, Саратаўская вобласць з'яўляецца рэгіёнам Расеі, які дынамічна развіваецца, спажывае разнастайныя тавары, у тым ліку вырабленыя ў Беларусі. "Нам ёсць што прапанаваць расейцам", - сказаў ён.

Лукашэнка таксама лічыць перспектыўным развіццё супрацоўніцтва з Саратаўскай вобласцю ў плане вывучэння расейскага досведу па будаўніцтве і эксплуатацыі атамных электрастанцый. "Мы хочам павучыцца ў вас гэтаму новаму напрамку нашай дзейнасці", - сказаў ён, маючы, у прыватнасці, на ўвазе аказанне садзеяння расейскім бокам у падрыхтоўцы кадраў для будучай беларускай АЭС.

Апошнія навіны