BE RU EN

Звольнены начальнік ДАІ

  • 11.11.2008, 12:39

У цяперашні час абавязкі начальніка ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі часова выконвае Васіль Бульбянкоў. Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

Аляксандр Мендзялееў, які ўзначальваў дадзеную службу з пачатку 2006 года, адхілены ад займанай пасады. Калі было прынятае такое рашэнне, карэспандэнту БелаПАН ва ўпраўленні ДАІ паведаміць не змаглі. Па наяўнай інфармацыі, гэта магло адбыцца ледзь ці не паўтара месяцы таму, аднак стала вядома толькі цяпер.

В.Бульбянкоў у 2004 — пачатку 2008 года ўзначальваў упреўленне Дзяржаўтаінспекцыі ГУУС Менгарвыканкама. Пасля стаў намеснікам начальніка рэспубліканскай ДАІ.

Аб прычынах адстаўкі А.Мендзялеева 11 лістапада распавёў на старонках "Советской Белоруссии" міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў. "Арганізацыя асветы на ўсіх узроўнях — задача, з якой не справілася ранейшае кіраўніцтва ДАІ, за што ейны начальнік і быў адхілены ад пасады", — сказаў У.Навумаў.

Па ягоных словах, захоўваючы кантралюючыя функцыі, сёння ДАІ павінная выступаць яшчэ і арганізатарам, займацца раннім папярэджаннем аварыйнасці. "Напрыклад, калі асвета кіроўцаў яшчэ больш-меней вядзецца, то пешаходы правілаў амаль не ведаюць і не выконваюць, да сваёй бяспекі ставяцца безадказна, — канстатаваў міністр унутраных спраў. — Вядома, выпраўляць гэтую сітуацыю варта на ўзроўні школ і прадпрыемстваў, але арганізаваць такую працу павінная менавіта Дзяржаўтаінспекцыя". Кіраўнік МУС упэўнены, што "выскокваць з жазлом напярэймы кіроўцу, які перавысіў хуткасць, — справа ўчорашняга дня, сёння важней зрабіць так, каб у кіроўцы нават не паўстаў намер перавысіць хуткасць".

Міністр таксама паведаміў, што новая кандыдатура на пасаду кіраўніка ўпраўлення ДАІ МУС яшчэ не разглядалася.

Апошнія навіны