Манаполію «Белтэлекама» абяцаюць адмяніць толькі праз два гады
- 11.11.2008, 14:07
Манаполія РУП «Белтэлекам» на ажыццяўленне ўзаемадзеяння з замежнымі аператарамі электрасувязі і пропуск міжнароднага трафіку можа быць адмененая не раней чым праз два гады.
Аб гэтым заявіў журналістам у Менску першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Іван Рак.
"Наступны этап лібералізацыі рынка паслугаў электрасувязі - адмена манаполіі на ўзаемадзеянне з аператарамі іншых краінаў. І я думаю, гэта можа адбыцца не раней чым праз два гады", - адзначыў ён.
І.Рак нагадаў, што беларускім “парламентам” ухваленыя папраўкі ў закон аб электрасувязі, якія выключаюць патрабаванні далучэння сетак аператараў унутры рэспублікі праз нацыянальнага аператара электрасувязі "Белтэлекам". І.Рак дадаў, што гэты дакумент унесены на подпіс Аляксандру Лукашэнку. "Пасля падпісання на працягу 9 месяцаў мы павінны ўнесці нарматыўна-прававы акт, які вызначае парадак ажыццяўлення ўзаемадзеяння аператараў", - сказаў першы намеснік міністра.
"Вядома, мы будзем імкнуцца ўлічыць усе прапановы дзейсных аператараў", - падкрэсліў І.Рак. "У першую чаргу - інтэрасы нацыянальнага аператара "Белтэлекама", - дадаў ён.
"Натуральна, паспрабуем прадугледзець і максімальныя магчымасці для прамога ўзаемадзеяння дзейсных аператараў электрасувязі", - працягнуў І.Рак.
Паводле словаў прадстаўніка Мінсувязі, магчымасць прамога злучэння сетак аператараў электрасувязі "дазволіць знізіць кошт паслугаў, яны стануць больш даступнымі для спажыўца, а таксама гэта дазволіць павялічыць аб'ёмы паслугаў, якія аказваюцца".
І.Рак распавёў, што ў бягучым годзе папраўка аб адмене манаполіяў "Белтэлекама" на знешнія ўзаемадзеянні не магла быць унесеная ў заканадаўства, паколькі "занадта вялікія страты панясе ў гэтым выпадку нацыянальны аператар электрасувязі". Каб прыняць рашэнне аб адмене гэтай манаполіі, паводле словаў І.Рака, "трэба выканаць задачу рэбалансіроўкі тарыфаў, якія рэгулююцца дзяржавай, давесці іх да сабекошту". На яго погляд гэта можа адбыцца "да канца 2010 года, калі знешнія фактары гэтаму не перашкодзяць, у тым ліку, калі не перашкодзіць узровень інфляцыі".