BE RU EN

Зараз ДАІ спыняе машыны стрэламі па колах

  • 11.11.2008, 14:48

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, каб спыніць аўтамабілі парушальнікаў правілаў дарожнага руху, сталі ўжываць зброю.

Дзве машыны ДАІ Узды на хуткасці 130—140 кіламетраў у гадзіну пераследвалі аўтамабіль. Кіроўца, каб сысці ад пагоні, некалькі разоў выязджаў на сустрэчную паласу.

- На заклікі праз гукаўзмацняльнік спыніцца, а таксама на пробліскавыя маячкі парушальнік не рэагаваў. Такая манера кіравання стварала рэальную пагрозу здароўю і жыццю іншых удзельнікаў дарожнага руху, — распавёў «Народнай газеце» начальнік АДАІ Уздзенскага РАУС Максім Гічэк. — У сувязі з гэтым было прынятае абсалютна законнае рашэнне адкрыць па колах машыны агонь. Мае супрацоўнікі зрабілі пяць стрэлаў. Дзве кулі патрапілі ў шыну і яшчэ адна — у бампер.

Утрыманне алкаголю ў крыві кіроўцы склала каля двух праміле. А гэта раўназначна адной выпітай бутэльцы гарэлкі.

Акрамя кіроўцы ў машыне знаходзіліся яшчэ хлопец і дзяўчына.

Падобны выпадак адбыўся і ў Смалявіцкім раёне. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі стрэлілі па колах «Жыгулі». Праўда, спыніць п'янага кіроўцу змог толькі дарожны «вожык».

Апошнія навіны