BE RU EN

«Белшына» спыняе працу

  • 11.11.2008, 16:08

Буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў рэгіёнах Беларусі першымі зазнаюць наступствы фінансавага крызысу. На бабруйскім прадпрыемстве «Белшына» працоўныя сыходзяць у вымушаны адпачынак.

«Белшына» мусіць цяпер зьніжаць кошты на сваю экспартную прадукцыю сама менш на 20 адсоткаў, паведамляе «Радыё Свабода». Гэтага, у прыватнасьці, патрабуе Ўкраіна. Прычыны тлумачыць дырэктар фірмовага гандлёвага дому «Белшыны» ў Данецку Леанід Самсоненка.

«Вельмі многія нашыя партнэры — да прыкладу, жалезарудныя камбінаты і кар’еры — зьвяртаюцца зараз і прапануюць зьніжаць кошты на шыны на 20 адсоткаў, а некаторыя — нават на 50. Гэта адбываецца ў сувязі з тым, што мэтал з здабытай сыравіны становіцца вельмі дарагім.

Самае страшнае адбылося 15 кастрычніка. Курс даляра падскочыў. Зьявілася нестабільнасьць. Банкі пасыпаліся. Ня ведаю, што будзе далей. Для нас галоўная непрыемнасьць, што ва Ўкраіне прамысловасьць стала», - кажа Леанід Самсоненка.

Збіральнік буйнагабарытных шынаў Уладзімер Тычына, паведаміў, што на «Белшыне» не працуюць некаторыя зьмены.

«Сытуацыя нестабільная. Некаторыя зьмены ўвогуле не працуюць. Нашы працаўнікі дома сядзяць. Раней такога не здаралася», - зазначыў Уладзімер Тычына.

Па ягоных словах, кіраўніцтва прадпрыемства тлумачыць супыненьне працы містычным «затаварваньнем».

«Тлумачаць, што нібыта ўсіх расходных матэрыялаў дастаткова, але адбываецца затаварваньне. Да прыкладу, тыя нарыхтоўкі, што я раблю, застаюцца ў цэху. Раней не пасьпяваеш зрабіць, як адразу забіраюць. Трэба было шмат-шмат. А цяпер кажуць, што больш ня трэба. Ідзіце дахаты...», - сказаў Уладзімер Тычына.

Апошнія навіны