«Расабаронэкспарт»: Абмежаванняў на пастаўку расейскіх узбраенняў у Беларусь няма
- 12.11.2008, 12:22
Расейскія вайскоўцы рыхтуюцца ўсталяваць у Калінінградскай вобласці ракетныя комплексы «Іскандэр» і заяўляюць аб магчымасці экспартных паставак комплексаў у Беларусь.
На тэрыторыі Калінінградскай вобласці пакуль не разгорнутыя аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы "Іскандэр", але палітычнае рашэнне аб гэтым прынятае, заявіў "Інтэрфаксу-АВН" у сераду начальнік расейскага Генштаба генерал арміі Мікалай Макараў.
"Пакуль у Калінінградскай вобласці ракетных комплексаў "Іскандэр" няма, але палітычнае рашэнне прынятае, пра што нядаўна абвясціў прэзідэнт, і ў свой час яны там з'явяцца", - сказаў М.Макараў.
Па ягоных словах, разгортванне ракетных комплексаў "Іскандэр" у Калінінградскай вобласці з'яўляецца зваротным дзеяннем Расеі на размяшчэнне элементаў амерыканскіх аб'ектаў СРА у Польшчы і Чэхіі.
Аператыўна-тактычны ракетны комплекс (АТРК) "Іскандэр" выпускаецца ў двух варыянтах - "Іскандэр-М" (для ВС РФ) і "Іскандэр-Э" (для экспарту). Экспартны варыянт па баявых характарыстыках некалькі адрозніваецца ад таго комплексу, які вырабляецца па замове Мінабароны Расеі.
АТРК "Іскандэр" здольны паражаць агнявыя сродкі суперніка, аб'екты сістэм супрацьракетнай і супрацьпаветранай абароны, авіяцыю на аэрадромах, цэнтры кіравання і сувязі, важныя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры на далёкасці да 280 км.
У сваю чаргу ў "Расабаронэкспарце" заяўляюць што, прадпрыемствы расейскай "абаронкі" не будуць мець праблем з вытворчасцю аператыўна-тактычных ракетных комплексаў (АТРК) "Іскандэр", якія могуць быць разгорнутыя ў Калінінградскай вобласці ў выпадку разгортвання ва Ўсходняй Еўропе аб'ектаў СРА ЗША.
"Праблем не будзе. Без сумневаў, "Іскандэры" будуць зробленыя і пастаўленыя своечасова", - паведаміў дырэктар па адмысловых даручэннях ФДУП "Расабаронэкспарт" Мікалай Дзімідзюк журналістам у Маскве ў сераду.
Ён адзначыў, што і Каломенскае бюро машынабудавання, дзе распрацаваны комплекс, і Воткінскі завод, дзе вырабляецца "Іскандэр", "моцна стаяць на нагах".
Адказваючы на пытанне аб магчымасці экспартных паставак комплексаў "Іскандэр" у Беларусь, М.Дзімідзюк сказаў, што паміж іх прыёмам на ўзбраенне расейскага войска і экспартнымі пастаўкамі гэтых комплексаў за мяжу "будзе пэная паўза".
"Комплексы павінныя быць пастаўленыя спачатку ў нашеа войска", - сказаў М.Дзімідзюк.
Ён адзначыў, што абмежаванняў на пастаўку расейскіх узбраенняў у Беларусь няма.
"Наколькі мне вядома, першасная задача - гэтае стварэнне сумеснай з Беларуссю сістэмы СПА", - сказаў М.Дзімідзюк, паведаміўшы, што на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці, можа быць разгорнутая расейская брыгада, абсталяваная сродкамі СПА.