На сайце тэлеканала «Белсат» з'явіўся відэаархіў праграмаў
- 12.11.2008, 14:16
Незалежны тэлеканал «Белсат» размясціў на сваім сайце архіў тэлепраграмаў, многія з якіх пры адсутнасці сёння ў краіне свабоды слова з'яўляюцца ўнікальнымі.
Зараз на сайце www.belsat.eu можна прагледзець архівы навіннай праграмы «Аб'ектыў», а таксама ўсіх тэлепраграмаў, якія выпускаюцца каналам, уключаючы грамадска-палітычнае ток-шоў «Форум» і праграму «Госць на «Белсаце».
Для зручнасці тлумачым карыстальнікам, як выходзіць на архіў праграмаў. У канцы галоўнай старонкі сайта неабходна зайсці ў раздзел «Нашыя праграмы». Затым, абраўшы неабходную праграму, пайсці па спасылцы «глядзі ў архіве».
Пракаментаваць важнае новаўвядзенне на сайце «Белсата» прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў каардынатара тэлеканала па Беларусі Эдуарда Мельнікава:
«Па-першае, варта адзначыць, што тэлеканал «Белсат» -- гэта ўнікальны праект, таму што прадукцыя тэлеканала ствараецца ў Беларусі, а выдаецца з тэрыторыі Польшчы. Гледачамі «Белсата» могуць стаць грамадзяне Беларусі і Еўропы, якія маюць індывідуальныя спадарожнікавыя талеркі, наладжаныя на спадарожнікі «Астра» і «Сірыўс». Колькасць гледачоў «Белсата» у Беларусі імкліва павялічваецца. Але з'яўленне сайта www.belsat.eu павялічвае аўдыторыю тэлеканала яшчэ больш. Зараз на сайце можна глядзець навіны і архіў усіх праграмаў. Гэта значыць мы назіраем мультымедыйную прастору, калі гледачы могуць паглядзець праграмы «Белсата» у Інтэрнэце, вярнуцца да іх, скласці асабістую калекцыю. На сайце шмат унікальнай інфармацыі, той, якую беларускія дзяржаўныя каналы не паказваюць. Мы кажам і паказваем тое, чаго ў Беларусі нават не ведаюць, тое, што ад беларусаў хаваюць, таму што дзяржканалы не інфармуюць беларусаў, а дэзарыентуюць», -- заявіў Эдуард Мельнікаў.
Журналіст нагадвае, што тэлеканал «Белсат» фінансуецца ўрадам Польшчы пры падтрымцы Еўразвяза і цяпер стаіць пытанне аб тым, каб правесці рэгістрацыю прадстаўніцтва тэлеканала «Белсат» у МЗС Беларусі. «Мы разлічваем на тое, што будзем працаваць адкрыта. Улічваючы тое, што зараз Еўразвяз чакае ад уладаў Беларусі істотных крокаў па дэмакратызацыі, легалізаванне тэлеканала стала бы адным з гэтых крокаў», -- адзначыў Мельнікаў.