BE RU EN

Беларускія ўлады ігнаруюць рэкамендацыі ААН

  • 12.11.2008, 16:38

Міністэрства замежных справаў, Міністэрства юстыцыі і Канстытуцыйны суд Беларусі адмаўляюць у аднаўленні рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднанню «Грамадзянскія ініцыятывы».

Адмоўныя адказы па гэтым пытанні атрымаў з дадзеных установаў гомельскі актывіст дэмакратычных сіл Уладзімір Кацора, які ў кастрычніку накіраваў у названыя інстанцыі сваю адозву з нагоды закрыцця аб’яднання.

У адозве зазначана, што «Грамадзянскія ініцыятывы» былі ліквідаванымі на падставе рашэння Гомельскага абласнога суда ў 2003 годзе. Праз тры гады Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што арганізацыя ліквідавана незаконна, з парушэннем права на свабоду асацыяцый, і падлягае аднаўленню.

Паколькі дзейнасць аб'яднання «Грамадзянскія ініцыятывы» так і не была адноўлена, Уладзімір Кацора, як адзін з ягоных заснавальнікаў, звярнуўся да ўладаў з патрабаваннем выканаць рашэнне Камітэта ААН па правох чалавека.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Леанід Судаленка, усе тры адказы на адозву — адмоўныя. У прыватнасці, у лісце за подпісам першага намесніка міністра замежных справаў Ігара Петрышэнкі гаворыцца: «Меркаванні камітэта па правах чалавека маюць рэкамендацыйны характар, і факультатыўны пратакол не накладвае абавязанняў па выкананні рэкамендацый камітэта».

Пры гэтым чыноўнік зазначае, што «гарантаванае Канстытуцыяй права на зварот у міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў парушана не было».

Апошнія навіны