BE RU EN

Беларускі незалежны журналіст стаў лаўрэатам прэміі імя Найта

  • 14.11.2008, 13:41

Рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль узнагароджаны прэміяй імя Найта за якасную журналістыку ў цяжкіх умовах. Цырымонія адбылася 12 лістапада ў Вашынгтоне.

13 лістапада прайшла дзелавая сустрэча лаўрэатаў у Радзе дырэктараў Міжнароднага цэнтра журналістаў з удзелам больш як 300 карэспандэнтаў уплывовых амерыканскіх агенцтваў навінаў, газетаў і тэлевізійных сетак і больш як 50 прадстаўнікоў замежных выданняў. На вечарыне прысутнічаў часовы павераны па справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур, перадае БелаПАН.

Цырымонія ўзнагароджання ўключае прэзэнтацыю лаўрэатаў лідэрамі цэнтра, падрыхтаваны CBS прафесійны відэаматэрыял аб іх краіне і працы, выступ лаўрэатаў, а таксама прамовы зорак міжнароднай журналістыкі.

Падчас сустрэчаў у Радзе дырэктараў абмяркоўваліся магчымасці супрацоўніцтва цэнтра і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Міжнародны цэнтр журналістаў быў заснаваны 25 гадоў таму трыма выбітнымі амерыканскімі журналістамі з мэтай стварэння арганізацыі журналістаў для журналістаў, у тым ліку для падтрымкі калегаў за мяжой, асабліва ў краінах без працяглай традыцыі свабоднай прэсы. Цэнтр арганізуе шматлікія праграмы падрыхтоўкі журналістаў, развіцця тэхналогіі і арганізацыйнай структуры СМІ. Працуе ў 176 краінах.

Прэмія ім. Найта была заснаваная 10 гадоў таму для двух замежных журналістаў і аднаго амерыканскага штогод. За гэты час прэмія набыла статут "Оскара" для журналістаў". Лаўрэатаў вызначае незалежнае журы з аўтарытэтных прадстаўнікоў вядомых выданняў і агенцтваў, такіх як "Нью-Ёрк Таймс", "Вашынгтон Пост", ABC, CBS, Reuters, CNN і іншых.

Апошнія навіны