Беларускіх футбольных фанатаў, якія выязджаюць за мяжу, будуць суправаджаць міліцыянты
- 17.11.2008, 16:01
Аб гэтым паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас 17 лістапада на паседжанні круглага стала «Наш футбол», арганізаванага БФФ і газетай «Советская Белоруссия».
Паводле словаў Г.Нявыгласа, заўзятары менскага "Дынама", законапаслухмяныя на радзіме, практычна заўсёды затрымліваюцца праваахоўнымі органамі сумежных дзяржаваў. У якасці прыкладу ён прывёў адборачны матч чэмпіянату свету паміж зборнымі Украіны і Беларусі 6 верасня ў Львове.
Работнікі міліцыі будуць камандзіравацца за кошт БФФ. Рашэнне прынятае на падставе станоўчага досведу працы ангельскіх паліцыянтаў у Менску на матчы Беларусь — Англія ў кастрычніку цяперашняга года, сказаў кіраўнік федэрацыі.
Г.Нявыглас звярнуў увагу прадстаўнікоў беларускага МУС на неабходнасць больш ветлівага стаўлення да айчынных заўзятараў. "Мы ствараем умовы для ангельскіх фанатаў, вылучаем асобныя сектары, а нашыя не могуць на свой сектар прабіцца, нельга сцяг пранесці", — сказаў кіраўнік БФФ. Пры гэтым ён падкрэсліў, што павага павінна быць узаемнай.
"Мы паважаем піцерскіх заўзятараў, заўзятараў зборнай Англіі, але не паважаем сваіх, лічачы іх людзьмі трэцяга гатунку", — заявіў прадстаўнік фанацкай групоўкі менскага "Дынама".
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Яўген Поўдзень, у пачатку кожнага сезону запрашаюцца "найбольш актыўныя заўзятары", з якімі ўзгадняюцца "асноўныя накірункі сумеснай дзейнасці". "Мы заўсёды гатовыя да правядзення масавых мерапрыемстваў з улікам суперніка", — заявіў Я.Поўдзень. Паводле яго словаў, міліцыя працягвае тэхнічнае пераўзбраенне, у прыватнасці закупляюцца дадатковыя рамкі металашукальнікаў.