Кіраўніка МЗС Польшчы Сікорскага вінавацяць у распаўсюджванні расісцкіх жартаў пра Абаму
- 18.11.2008, 10:02
Скандал у Польшчы: яе кіраўнікоў вінавацяць у расісцкіх выказваннях аб новаабраным прэзідэнце ЗША Бараку Абаме.
Як піша газета Dziennik, буйная апазіцыйная партыя "Права і справядлівасць" заяўляе, што падобным чынамм выказваўся кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі, і патрабуе прыцягнуць яго да адказнасці.
"Чаму ў Барака Абамы польскія карані? Ягоны дзядуля з'еў польскага місіянера", - так гучыць гэты жарт, які Сікорскі нібыта распаўсюджваў у кулуарах свайго міністэрства. Сам міністр нібыта потым растлумачыў, што трансляваў гэты жарт, распаведзены яму кімсьці яшчэ. Але прадстаўнік Бюро нацыянальнай бяспекі, структуры, падкантрольнай канцылярыі прэзідэнта Польшчы, Вітальд Вашыхоўскі пацвердзіў, што чуў гэты жарт Сікорскага, і заявіў аб гатовасці быць сведкай у судзе.
Апазіцыя вырашыла дамагацца расследавання ў адносінах Сікорскага і заявіла аб гэтым у Сойме, піша Dziennik.
Нагадаем, што з моманту абрання Абамы прэзідэнтам ЗША гэта ўжо не першы "расісцкі" інцыдэнт. Так, прэм'ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі назваў чарнаскурага сенатара "добра загарэлым". У адказ на шквал крытыкі і абвінавачванні ў "расісцкіх" выказваннях Берлусконі сітуацыю толькі пагоршыў. Ён заявіў, што ягоныя словы былі "мілым кампліментам", а тыя, хто не зразумеў жарту, "дурні, якіх і без іх шмат".