Суддзі не разумеюць роднай мовы
- 18.11.2008, 11:09
З 17 на 20 лістапада перанесенае судовае слуханне па пазове фінансавага аддзела Буда-Кашалёўскага райвыканкама да былога кандыдата ў «дэпутаты» ад апазіцыі Канстанціну Жукоўскаму з-за адсутнасці перакладчыка з рускай на беларускую мову.
Для вядзення перадвыбарнай агітацыі кандыдату было вылучана 1 млн. 750 тыс. рублёў, якія ён выдаткаваў на агітацыйныя матэрыялы. За некалькі дзён да выбараў прадстаўнік дэмакратычных сіл зняў сваю кандыдатуру, растлумачыўшы гэта тым, што ўлады не выканалі ўмовы апазіцыі па ўключэнні яе сябраў у склад выбарчых камісій і працягвалі аказваць ціск на апазіцыянераў.
Як піша БелаПАН, судовае слуханне было перанесенае, паколькі суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Жана Андрэйчык размаўляла на рускай мове, а не на беларускай, як таго патрабаваў адказнік К.Жукоўскі. Ён падаў хадайніцтва аб прадастаўленні перакладчыка. Суддзя прыняла хадайніцтва; на наступным паседжанні апазіцыянеру будзе прадастаўлены перакладчык.
«Я нагадаў суддзі, што яна, як дзяржслужачая, павінная ведаць дзве мовы, але яна адказала, што размаўляе на рускай, таму беларускі ведае дрэнна. Суддзя сказала мне, што я, мусіць, хачу размаўляць на беларускай мове са шкоднасці. Я на гэта адказаў, што са шкоднасці ў нас дзейнічае толькі падатковая інспекцыя, якая абавязала мяне выплаціць велізарны штраф за грошы, падораныя на вяселле», — адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН Канстанцін Жукоўскі.