Арыштаваны адзін з кіраўнікоў Дэпартамента фінансавых расследаванняў
- 18.11.2008, 11:24
Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі ў Віцебску аднаго з кіраўнікоў упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці ў момант атрымання хабару ў памеры $5000.
Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ.
"У момант атрымання хабару ў памеры $5000 супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы адзін з кіраўнікоў УДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці", - паведамілі ў ЦІГС КДБ.
Па звестках супрацоўнікаў КДБ, грошы прызначаліся за спрыяльнае рашэнне пытання аб паніжэнні штрафных санкцый, накладзеных на індывідуальнага прадпрымальніка па выніках праверкі ягонай фінансава-гаспадарчай дзейнасці.
"Узбуджаная крымінальная справа па частцы 3 арт.430 КК Беларусі ("Атрыманне хабару")", - адзначылі ў КДБ
Па словах супрацоўнікаў ЦІГС, у цяперашні час праводзіцца комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў.