BE RU EN

Ператрус у офісе Мілінкевіча (Абноўлена, фота)

  • 18.11.2008, 16:08

У офісе лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча 18 лістапада была апісаная маёмасць. Судовыя выканаўцы апісалі ўсё: кампутары, усю аргтэхніку, мэблю і нават падораныя палітыку рэчы. У адказ на пратэсты апазіцыянераў, прыставы выклікалі міліцыю. Фактычна ў офісе адбываўся ператрус.

Кватэру на праспекце Незалежнасці, дзе нефармальна збіраюцца актывісты руху, арандуе намеснік кіраўніка руху «За Свабоду» Аляксей Кавалец. Як паведаміў палітык у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97, судовыя выканаўцы заявілі, што ў кватэры, якая арандуецца ім, пражываў чалавек, маёмасць якога павінна быць апісаная.

«Гаворка ідзе аб сыне гаспадыні кватэры. Але гэты чалавек ужо 10 гадоў не мае да гэтай кватэры ніякага дачынення! З гаспадыняй кватэры судовыя выканаўцы адмовіліся размаўляць. Нягледзячы на тое, што я паказаў дамову аб арэндзе гэтага памяшкання, яны ўсё роўна заявілі, што забяруць нашую маёмасць, калі мы не давядзем, што кожная з гэтых рэчаў належыць нам. Але мы не захоўвалі чэкі аб набыцці кожнага кампутара, стала ці крэсла!», - кажа Кавалец.

Паводле словаў палітыка, судовыя выканаўцы апісалі нават старадаўні падлогавы гадзіннік, падораны Аляксандру Мілінкевічу. Супрацоўнікі міліцыі, выкліканыя прыставамі, назіралі за працэсам. Калі спачатку ў офісе знаходзілася 2 міліцыянты, дык потым іх колькасць павялічылася да 6.

Скончыўся ператрус толькі ўвечары. «Апісалі ўсё. Я распісаўся, што бяру на захаванне сваю ж маёмасць і не маю права нікуды яе вывозіць і прадаваць. Маю права падаць у суд на дзеянні выканаўцаў. Вядома, мы будзем гэта рабіць, але я разумею, што ў нас няма незалежнага суду, няма каму скардзіцца», -- кажа палітык.

«Відавочна, што прыйшоў загад «наехаць» на нас. Не ведаю, хто даў такі загад: сілавікі ці «праеўрапейскія» чыноўнікі. Але зразумела, што рэпрэсіі супраць апазіцыі ў Беларусі працягваюцца», -- сказаў Кавалец.

Ператрус у сваім офісе таксама пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч:

«Мая ацэнка вельмі простая. Ідзе вялікае змаганне ва ўладзе паміж тымі, хто хоча пераменаў і тымі, хто супраць гэтага. І гэта сур'ёзная правакацыя, зладжаная тымі, хто не хоча нармалізацыі адносінаў Беларусі з Еўропай. Тымі, хто не хоча дэмакратызацыі палітычнага жыцця краіны і лібералізацыі эканомікі», -- адзначыў палітык.

Фота «Радыё Свабода»

Апошнія навіны