У БТ скончыліся грошы
- 18.11.2008, 17:31
Беларускія заўзятары могуць не ўбачыць таварыскі матч нацыянальных зборных Кіпра і Беларусі, які адбудзецца 19 лістапада ў Нікасіі.
Аб гэтым стала вядома БелаПАН з крыніцаў, блізкіх да Беларускай федэрацыі футбола.
Узніклі праблемы з аплатай правоў на трансляцыю гэтага матчу. 17—18 лістапада анансавання трансляцыі на Першым канале Беларускага тэлебачання практычна не было, хаця ў праграме канала запланаваны пачатак матчу на 18.55 па менскім часе 19 лістапада.
У прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі пацвердзілі наяўнасць складанасцяў з пераводам праваўладальнікам сумы, абумоўленай у кантракце на трансляцыю. Аднак ад далейшых каментароў супрацоўнікі прэс-службы адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што гэтым пытаннем "шэф (старшыня НДТРК Аляксандр Зімоўскі. — БелаПАН.) займаецца асабіста".
Звязацца з А.Зімоўскім у карэспандэнта БелаПАН пакуль не атрымалася.