BE RU EN

Да 10 снежня ў Менску знікнуць усе камерцыйныя шапікі

  • 20.11.2008, 8:23

Такое рашэнне Менскага гарвыканкама. Наўзамен сталічных улады прапаноўваюць менчукам купляць цыгарэты ў кіёсках «Белсаюздрука».

Да канца зімы Менгарвыканкам плануе прыбраць кіёскі цалкам. Цяпер іх актыўна прыбіраюць у Кастрычніцкім раёне сталіцы. Кіёскі выклалі на вокны загады, якія атрымалі ад адміністрацыі, – прыбрацца да 10 снежня.

«Кіёскі будуць замененыя падстрэшкамі. У горадзе наогул кіёскаў не будзе акрамя «Белсаюздрука», - паведамілі «Еўрарадыё» у аддзеле гандлю і паслуг Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

Аб тым, які асартымент кіёскаў «Белсаюздрука» усім вядома.

«Тымі жа цыгарэтамі мы пакуль гандлюем, - тлумачыць Соф'я Цярэшка, начальнік аддзела гандлю «Белсаюздрука». - Цыгарэты вырабляюць на гарадзенскай тытунёвай фабрыцы, і мы іх атрымліваем. Шакаладам гандлюем не заўсёды, толькі ў перыяд, калі дазваляе тэмпературны рэжым. А півам не гандлявалі і гандляваць не плануем».

Інфармацыя з Інтэрнэту, што аддзел гандлю Менгарвыканкама збіраецца да 2015 гады па генеральным плане забудовы сталіцы набудаваць так званыя маленькія крамы крокавай даступнасці, застаецца чуткамі.

«Як? Што мы на што змяняем? – абураецца Ларыса Камарова, начальнік упраўлення гандлю і паслуг Менгарвыканкама. – Замена кіёскаў на крамы крокавай даступнасці? Я вас малю! Гэта глупства. Пяцьсот кіёскаў мяняць на пяцьсот крам ніхто не збіраецца».

Прадпрымальнікі тэм часам сцвярджаюць: знос кіёскаў незаконны, бо рашэнне аб гэтым прынятае без дазволу Мінюста.

«Усе кіёскі зносяцца паводле рашэння Менгарвыканкама. Яно мае нават не юрыдычны, а арганізацыйна-распарадчы характар - сцвярджае старшыня аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумченко. - У міністэрстве юстыцыі гэтыя рашэнні нават не праходзілі абавязковую юрыдычную экспертызу. У Мінюсце нам паведамілі, што такое рашэнне праз іх не праходзіла, хаця павіннае было прайсці, бо гэта датычыцца мільёнаў людзей і мільёнаў даляраў, якія страцілі прадпрымальнікі».

Прадпрымальнік з Кастрычніцкага раёна сталіцы Ўладзімір не ведае, куды дзяваць кіёск пасля дэмантажу і чым наогул пасля гэтага займацца. Па сутнасці, рашэнне Менгарвыканкама пакінула яго без працы.

«Рашэнне аб зносе кіёскаў нават нікому не паказалі, проста правялі сход, - з сумам у голасе распавядае прадпрымальнік. – Кіёск каштуе ад сямі да дзесяці тысяч даляраў ЗША. Але цяпер мы не ведаем, куды яго нават дзець, не то што чым займацца. Замяніць старыя кіёскі на новыя нас абавязалі ў канцы мінулага гады. Сказалі: «Змяняйце на кіёскі новага ўзору, тады, магчыма, вы будзеце стаяць». Мы ўзялі і замянілі…»

Апошнія навіны