Кіраўнік МЗС Беларусі Мартынаў з'ехаў у Жэневу на заробкі
- 20.11.2008, 8:38
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў патаемна прымае ўдзел у паседжанні камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правох у Жэневе.
Палітолаг Раман Якаўлеўскі кажа, што міністар, апроч асноўнай працы, мае і яшчэ некаторыя пасады, зусім не звязаныя з ягонай галоўнай працай.
Менавіта таму кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі знаходзіцца фізічна далёка за межамі нашай краіны.
“Да канца гэтага тыдня Мартынаў знаходзіцца ў Швейцарыі. Дарэчы, яшчэ з мінулых гадоў, два разы ў год, наколькі я ведаю, Мартынаў выязджае ў Жэневу, дзе супрацоўнічае як прыватная асоба ў якасці эксперта ў адной са структураў Арганізацыі аб’яднаных Нацый. Прычым ездзіць на працу наш міністр ўжо другую пяцігодку. А вось сёлета чыноўнік нават ігнараваў чарговую штогадовую Генеральную Сэсію ААН. Так моцна ён быў заняты”, - сказаў у інтэрв’ю “Радыё Рацыя” Раман Якаўлеўскі.
А вось у прэсавай службе беларускага Міністэрства замежных спраў не паспяшаліся патлумачыць чыннікі адсутнасці кіраўніка ведамства на Беларусі.
Там не далі рады патлумачыць, чаму на Менскім форуме, які нядаўна праходзіў у Менску, не было агучаным прывітальнае слова спадара Мартынава. Ягоны нямецкі калега не забыў гэта зрабіць – мабыць, Мартынава не было ў гэты час у Беларусі?
“Ведаеце, прэсавы сакратар сказаў, што іншых каментараў, відаць, ня будзе, параіў, толькі калі вас гэта вельмі цікавіць, звяртацца да спадара Якаўлеўскага”, - цвердзяць у прэс-службе.
Дарадца прадстаўніка ААН у Беларусі Ўладзімір Шчэрбаў праліў свет на сітуацыю, патлумачыўшы, што гэтая інфармацыя з’яўляецца адкрытай і сапраўды міністар замежных спраў Беларусі зараз, магчыма, прымае ўдзел ў працы камісіі ААН як прыватная асоба.
“Наколькі я ведаю, пасада Мартынава не звязаная з супрацай з праграмай ААН. Спадар Мартынаў з’яўляецца чальцом камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правох. Гэты камітэт створаны ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правох. Камітэт складаецца з экспертаў, якія ў індывідуальнай якасці выконваюць там шэраг функцый”, - паведаміў Уладзімір Шчэрбаў.
Спадар Мартынаў сапраўды лічыцца чальцом дадзенага камітэту, структура якога збіраецца ў Жэневе некалькі разоў на год і разглядае там даклады, нейкія пытанні. Варта зазначыць, што за сваю працу эксперты атрымліваюць грашовае ўзнагароджанне.
Уладзімір Шчэрбаў кажа пра тое, што Сяргей Мартынаў быў абраным у такі камітэт, ў якім зараз працуе, і два разы ў год прымае ўдзел у паседжаннях, цалкам магчыма, што за працу эксперта кіраўнік МЗС атрымлівае і заробак.
Такім чынам прадстаўнікі шэрагу краін, у тым ліку Польшчы, Расеі, Кітая, Егіпта, Камеруна, Коста Рыкі, Філіпін, Партугаліі, Індыі, Алжыра, Швейцарыі і іншых, уваходзяць у склад камітэту. Чаму з асобай міністра замежных спраў на радзіме з гэтага робіцца таямніца?