Актывіста руху «За Свабоду» звальняюць з працы
- 20.11.2008, 12:16
Мастоўскаму актывісту руху «За Свабоду» Змітру Кухлею перадалі афіцыйнае паведамленне ад кіраўніцтва ТАА «Мастоўдрэў» пра спыненне працоўных адносінаў.
Кіраўніцтва ТАА «Мастоўдрэў» не жадае працягваць кантракт з дэмакратычным актывістам, які працуе на прадпрыемстве перакладчыкам. Афіцыйна працоўныя адносіны спыняюцца «у сувязі з заканчэннем кантракта». Паведамленне падпісана гендырэктарам прадпрыемства Сяргеем Асосавым, піша старонка by.milinkevich.org.
Аналагічная сітуацыя з Змітром Кухлеем была год таму. Актывіста руху таксама папярэдзілі пра непадаўжэнне кантракта, як упэўнены ягоныя паплечнікі, за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Справа атрымала розгалас, і кіраўніцтва ТАА «Мастоўдрэў» змяніла сваё рашэнне.
Магчыма, рашэнне пра падаўжэнне кантракту летась было прынятае з надзеяй, што Кухлей зменшыць сваю актыўнасць падчас выбарчай кампаніі ў «палату прадстаўнікоў». Аднак актывіст прыняў рашэнне балатавацца ў «дэпутаты».
«Мяне да гэтага не аднойчы выклікалі і прасілі мінімізаваць маю палітычную і грамадскую дзейнасць. Кіраўнікі прадпрыемства праводзілі з мной нефармальныя гутаркі напярэдадні і пасля мясцовых выбараў, а таксама перад прыездам Аляксандра Мілінкевіча ў красавіку», -- кажа Зміцер Кухлей.