У Гомельскай вобласці звольнілі за п'янства за рулём 15 міліцыянтаў
- 20.11.2008, 16:39
І гэта толькі з пачатку 2008 года. За аналагічны перыяд мінулага года п'янымі за рулём былі затрыманыя, а затым звольненыя з органаў унутраных справаў 23 міліцыянты.
Аб гэтым паведамілі БелаПАН у падраздзяленні «Маланка» УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.
Дарэчы, супрацоўнікі падраздзялення адзначылі, што сёлета п'яныя міліцыянты не здзяйснялі наездаў на пешаходаў з траўмамі ці смяротным зыходам.
Паводле інфармацыі «Маланкі», апошняга п'янага міліцыянера, прапаршчыка, затрымалі 16 лістапада прыкладна ў 21.50 у Гомелі. Даставілі на агляд, лекары канстатавалі: праміле ў крыві больш за норму.
Супрацоўнікі ДАІ падкрэсліваюць: за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане ўсе працаўнікі праваахоўных структураў адназначна былі звольненыя з працы.